Як паведаміў офіс Сьвятланы Ціханоўскай, запрашэньне прыйшло ад дырэктара Нарвэскага Нобэлеўскага інстытуту. Прэмію міру будуць уручаць 10 сьнежня ў сталіцы Нарвэгіі, Осла.
Сёлета сярод ляўрэатаў прэміі міру зьняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. «Гэта добрая нагода прыцягнуць увагу да справы Алеся Бяляцкага, беларускіх палітвязьняў, і ўсіх беларусаў, якія зараз змагаюцца за свабоду», — пракамэнтавала Ціханоўская.
Сёньня ж стала вядома, што Нобэлеўскі фонд вырашыў не запрашаць на цырымонію ўручэньня іншых нобэлеўскіх узнагарод у Стакгольме 10 сьнежня паслоў Расеі і Беларусі. У паведамленьні арганізацыі гаворыцца, што рашэньне прынятае праз вайну ва Ўкраіне.