Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: Жанчыну, якая правяла антываенную акцыю на лінейцы ў Наваполацку, аштрафавалі трэці раз


Ганна Тукава падчас школьнай лінейкі ў Наваполацку праводзіць антываенную акцыю. 1 верасьня 2022 году
Ганна Тукава падчас школьнай лінейкі ў Наваполацку праводзіць антываенную акцыю. 1 верасьня 2022 году

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Жыхарку Наваполацку, якая правяла антываенную акцыю на школьнай лінейцы, аштрафавалі трэці раз

11 кастрычніка ў Наваполацку адбыўся трэці суд над Ганнай Тукавай. Справу па двух пратаколах па арт. 24.23 КаАП разгледзела судзьдзя Зінаіда Балаболава, паведамляе «Вясна».

Цяпер жанчыне ставілася ў віну «пікетаваньне» ў Інстаграме выявамі ўкраінскага сьцяга. На судзе яна адзначыла, што старонка яе закрытая, таму ўчастковы ня меў доступу да яе публікацый. Такое ўмяшаньне ў яе прыватнае жыцьцё Ганна расцаніла як «спробу псыхалягічнага ціску». У выніку судзьдзя прызначыла ёй 100 базавых велічыняў штрафу. Агулам Тукава павінна сплаціць 7360 рублёў.

1 верасьня падчас лінейкі ў наваполацкай гімназіі быў выступ людзей у вайсковай форме. Ганна Тукава на сярэдзіне выступу выйшла з антываеннай акцыяй — яна стала перад імі і паказала знак «Віктары». Яе адразу затрымалі, а потым тыдзень утрымлівалі за кратамі, нягледзячы на тое, што ў яе ёсьць 12-гадовая дачка. Вядома, што раней ёй двойчы прызначалі штрафы: 30 і 100 базавых велічыняў.

Сына рэчыцкага актывіста асудзілі на два з паловай гады калёніі за рэпосты навінаў пра расейскую агрэсію

У Магілёўскім абласным судзе вынесьлі прысуд 33-гадоваму Дзьмітрыю Шабетніку — сыну грамадзкага актывіста з Рэчыцы Алега Шабетніка, які кіраваў гомельскай абласной філіяй грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду», паведамляе «Вясна».

Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне нацыянальнай варажнечы) за тое, што ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» даваў спасылкі на навіны пра расейскую вайсковую агрэсію супраць Украіны.

Як сьцьвярджаў сам Шабетнік, ён, паддаўшыся эмоцыям, зрабіў рэпосты і пакінуў некалькі камэнтароў на сваёй старонцы, але пры гэтым не хацеў «распальваць варожасьць або абразіць каго-небудзь». На допыце ён паказаў, што ня меў на ўвазе ўсіх расейцаў, а толькі выказаў сваё стаўленьне да асобаў, датычных да вайны, і тых, хто яе ўхваляе.

Затрымалі пастара царквы «Новае пакаленьне» Сяргея Паўлоўскага

Сяргей Паўлоўскі — адзін з заснавальнікаў руху «Шлях свабоды», які накіраваны на тое, каб дапамагаць нарка- і альказалежным людзям. Сілавікі ў сваім канале закідаюць пастару ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.

Новыя затрыманьні ў Менску

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне супрацоўнікамі ГУБАЗіК жыхара Менску Кірыла Казлова. На «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах, абразах міліцыянтаў у асабістых перапісках у сацыяльных сетках, а таксама ў тым, што ён нібыта дапамагаў грамадзянам Ірану нелегальна пераходзіць мяжу Эўразьвязу.

Таксама сілавікі затрымалі 26-гадовую Ганну Сьцяпуру. Паводле іх, дзяўчына ўдзельнічала ў пасьлявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама прайшла рэгістрацыю ў чат-боце «пляну Перамога». Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што на Ганну завялі крымінальную справу.

Жыхара Магілёва затрымалі ў цырульні за «распаўсюд фатаздымкаў бел-чырвона-белага сьцяга ў сацсетках»

Мяркуючы па відэа сілавікоў, жыхара Магілёва Аркадзя Гуменьнікава затрымлівалі некалькі ўзброеных байцоў з магілёўскага ГУБАЗіКу і АМАПу, прычым зрабілі яны гэта ў цырульні, паваліўшы Гуменьнікава з крэсла на падлогу, паведамляе @MAYDAYMog.

Затрымалі блогера — вінавацяць, што «кпіў з расейскіх сілавікоў»

Блогера клічуць Максім (прозьвішча невядомае), ён родам з ваколіцаў Мар’інай Горкі. У 2019 годзе паступіў на гістфак БДПУ, але быў адлічаны з трэцяга курсу.

Пасьля жніўня 2020 году хлопец пачаў весьці ўласны блог «УКантакце». Цяпер у яго амаль 6,5 тысячы падпісчыкаў, а кожны допіс набірае па некалькі тысячаў праглядаў. Максім у сацсетках асуджаў вайну. Ён публікаваў здымкі разбураных украінскіх гарадоў і параўноўваў расейскія ўлады з нацысцкімі. 1 красавіка ягоную старонку «ЎКантакце» забаранілі на тэрыторыі Расеі.

Нядаўна яго затрымалі. Прадстаўнікі ГУБАЗіК сьцьвярджаюць, што ён «радаваўся сьмерцям расейскіх вайскоўцаў», «абразіў Лукашэнку». Таксама Максім, як заяўляюць сілавікі, быццам бы хацеў паехаць ваяваць ва Ўкраіну і зьвяртаўся ў бот Палку Каліноўскага з гэтай нагоды.

У канале сілавікоў паведамляецца, што супраць хлопца завялі крымінальную справу, піша «Наша Ніва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG