У канцы сакавіка 2022 году суд у Маскве прызнаў дзейнасьць амэрыканскай карпарацыі Meta экстрэмісцкай і забараніў яе ў Расеі.
Пад забарону падпалі таксама сацсеткі Facebook і Instagram, якія належаць Meta, але ня мэсэнджар WhatsApp, бо ён «не ажыцьцяўляе публічнае распаўсюджваньне інфармацыі». За карыстаньне сацыяльнымі сеткамі грамадзянам і арганізацыям пакараньне не пагражае.
Сёньня агенцтва «Інтэрфакс» з спасылкай на Расфінманіторынг паведаміла, што Meta ўнесьлі ў сьпіс тэрарыстаў.
Акрамя амэрыканскай кампаніі, туды таксама дадалі моладзевы дэмакратычны рух «Весна».
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну «Весна» заклікала ўдзельнічаць у антываенных мітынгах і акцыях.
У траўні супраць васьмярых сябраў руху была ўзбуджаная крымінальная справа аб стварэньні некамэрцыйнай арганізацыі, якая замахваецца на асобу і правы грамадзян. У верасьні стала вядома, што гэтую справу аб'ядналі ў адно вядзеньне зь іншай крымінальнай справай — па артыкуле аб уцягваньні асоб у масавыя беспарадкі, узбуджаным яшчэ ў сакавіку. Праз абʼяднаньне спраў удзельнікам «Весны» пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.