Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага і ягоных калег


Алесь Бяляцкі, 2018
Алесь Бяляцкі, 2018

У паведамленьні, апублікаваным на сайце Офісу правоў чалавека ААН, незалежныя экспэрты на чале з Анаіс Марэн, спэцдакладчыцай ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, нагадалі беларускім уладам пра іх абавязкі ў выкананьні правоў чалавека і заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх праваабаронцаў, затрыманых з палітычных матываў.

«Мы ўстрывожаныя адвольным затрыманьнем Алеся Бяляцкага і новымі абвінавачаньнямі, якія цягнуць за сабой пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі, выстаўленымі супраць яго за законную праваабарончую дзейнасьць», — заявілі ў ААН.

На думку Марэн і яе калег, працяглыя тэрміны турэмнага зьняволеньня, на якія асуджаюць праваабаронцаў, сьведчаць пра «злоўжываньне сыстэмай правасудзьдзя і беспакаранасьць, зь якой дзейнічаюць беларускія ўлады».

Зварот да ўладаў Беларусі падпісалі спэцыяльная дакладчыца ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, спэцыяльная дакладчыца аб праваабаронцах Мэры Лоўлар, і спэцыяльная дакладчыца аб заахвочваньні і абароне права на свабоду думак і іх свабоднае выказваньне Ірэн Хан.

  • Дзейнасьць адмысловых дакладчыкаў зьяўляецца часткай так званых спэцыяльных працэдур Рады ААН у правах чалавека. Спэцдакладчыкі працуюць на грамадзкіх пачатках, не зьяўляюцца супрацоўнікамі ААН, не атрымліваюць заробак за сваю працу і не залежаць ад урадаў ці арганізацый.
  • Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітзьняволены Алесь Бяляцкі 7 кастрычніка быў абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Разам зь ім ляўрэатамі сталі расейскі цэнтар «Мемориал» і ўкраінскі «Центр громадянських свобод».
  • «Мы заклікаем улады Беларусі вызваліць спадара Бяляцкага, — заявіла прадстаўніца Нобэлеўскага камітэту, адказваючы на пытаньні журналістаў пасьля абвяшчэньня сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. — Мы спадзяёмся, гэта здарыцца і ён здолее прыехаць у Осла і атрымаць прэмію».
  • Уручэньне прэміі чакаецца 10 сьнежня 2022 году.

XS
SM
MD
LG