У ялцінскім санаторыі «Беларусь» адпачывае больш за 200 беларусаў, паведамляе Sputnik Беларусь са спасылкай на адміністрацыю ўстановы.
Групе грамадзян Беларусі, у якіх скончыліся пуцёўкі, на два дні прадоўжылі час знаходжаньня ў санаторыі, яны за гэта плаціць ня будуць, заявілі ў санаторыі. Найбліжэйшая вялікая група адправіцца з Крыму 12 кастрычніка на аўтобусе праз паромную пераправу.
У Крыме таксама паабяцалі ўсім турыстам падоўжыць пражываньне ў гатэлях на суткі бясплатна.
Улады анэксаванага Крыму цяпер спрабуюць наладзіць паромнае злучэньне. Кіраўнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі анэксаванага Крыму Уладзімір Аксёнаў заявіў, што Керчанская паромная пераправа з Краснадарскага краю ў Крым пачне дзейнічаць сёньня на працягу дня, і прыярытэт атрымаюць пасажырскія зносіны. Падрыхтаваныя два паромы, чакаецца прыбыцьцё трэцяга.
Раніцай 8 кастрычніка на Крымскім мосьце разгарэўся пажар. Паводле інфармацыі Крымскай чыгункі, ён быў выкліканы паліўнай цыстэрнай, якая загарэлася і знаходзілася ў хвасьце грузавога цягніка.
Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт РФ заявіў, што на мосьце адбыўся падрыў грузавога аўтамабіля. Сьледчы камітэт РФ завёў крымінальную справу па факце здарэньня.
Два аўтамабільныя пралёты маста часткова абрушаныя. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі тры чалавекі.
На цяперашні момант пажар на Крымскім мосьце патушылі. Рух па ім цалкам закрыты, усе аўтобусныя рэйсы з Крыма ў Расею адмененыя, продаж білетаў на цягнікі, якія ідуць у Крым і зь яго, прыпынены. Суднаходзтва на Керчанскім праліве не спынялася, для аўтамабіляў рыхтуецца запуск паромнай пераправы праз праліў, заявілі акупацыйныя ўлады Крыму.