Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія добраахвотнікі навучаюцца на аэравыведнікаў у межах дзяржаўнага праекту Ўкраіны «Армія дронаў»


Пульт кіраваньня дронам на вайне Ўкраіны з расейскай агрэсіяй, ліпень 2022
Пульт кіраваньня дронам на вайне Ўкраіны з расейскай агрэсіяй, ліпень 2022

Беларускія добраахвотнікі праходзяць навучаньне ў школе «Арміі дронаў»— праекту, заснаваным Генштабам Узброеных сіл Украіны, Міністэрствам лічбавай трансфармацыі і іншымі ўрадавымі структурамі Ўкраіны.

«Ва Ўкраіне я ўжо тры месяцы. Пляны, зь якімі я сюды прыехаў — ваяваць спачатку за вызваленьне Украіны, а потым ваяваць за вызваленьне маёй краіны, маёй Беларусі», — сказаў у інтэрвію тэелеканалу «1+1» былы беларускі палітвязень Ціхан Клюкач.

У Беларусі Ціхан Клюкач атрымаў паўтара года турмы за тое, што здымаў на відэа, як ягоная сяброўка, 18-гадовая Соф’я Малашэвіч, расьпісвала фарбай з балёнчыка шчыты сілавікоў і агароджу. На судзе Ціхан усю віну ўзяў на сябе. Яго ў студзені 2021 пакаралі на 1,5 года пазбаўленьня волі.

Пасьля вызваленьня паехаў ва Ўкраіну і далучыўся да палку імя Каліноўскага, але цяпер ваюе ў складзе палку «Пагоня».


У рамках праекту «Армія дронаў» плянуюць падрыхтаваць больш за 2 тысячы пілётаў. Паводле міністра лічбавай трансфармацыі Ўкраіны Міхайла Фёдарава, праект ужо сабраў больш за 2 мільярды грыўняў ахвяраваньняў, і, дзякуючы ім ужо закантрактавалі больш за тысячу бесьпілётных апаратаў.

Адмыслоўцы падлічылі, што для поўнага забесьпячэньня фронту дронамі патрэбна 250 «птушак» далёкага радыюсу, і больш як 10 тысяч дробных.

«Цяпер нам патрэбна сфакусавацца на другім этапе. Нам патрэбныя дроны-камікадзэ, каб мы не гублялі нашых байцоў, каб мы гублялі дроны-камікадзэ ў іхных акопах. Колькі там будзе — 300-500 тысяч мабілізаваных расейцаў?», — сказаў міністар лічбавай трансфармацыі Міхайла Фёдараў.

Паводле міністэрства, «Армія дронаў» дапаможа Ўзброеным сілам Украіны кантраляваць усю лінію фронту, а гэта каля 2,5 тысяч кілямэтраў.

Апошнія два дні Расея актывізавала выкарыстаньне дронаў для атак на населеныя пункты Ўкраіны. Пры дапамозе іранскіх бесьпілётнікаў расейскія войскі абстралялі горад Белая Царква Кіеўскай вобласьці, Запарожжа і Харкаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG