Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская пачала візыт у Францыю сустрэчай з кіраўніцай ураду


Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністаркай Францыі Элізабэт Борн, 5 кастрычніка 2022
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністаркай Францыі Элізабэт Борн, 5 кастрычніка 2022

Сустрэчай з прэм’ер-міністаркай Францыі Элізабэт Борн распачала свой візыт у гэтую краіну дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

Падчас перамоваў бакі абмеркавалі:

  • палітычную і дыпляматычную падтрымку Беларусі, каб Беларусь не сыходзіла з парадку Дня ў Францыі і ў міжнароднай прасторы;
  • ролю Францыі як мэдыятара ў магчымых перамовах аб выхадзе з крызісу. Ціханоўская адзначыла, што перамовы паміж захадам і рэжымам, без удзелу дэмакратычнай супольнасьці, недапушчальныя;
  • дапамогу незалежным СМІ Беларусі, каб супрацьдзейнічаць расейскай прапагандзе;
  • стыпэндыі для беларускіх студэнтаў ва ўнівэрыітэце Sciences Po, і ў іншых навучальных установах Францыі;
  • праграмы падтрымкі і абменаў для культурных дзеячаў з Беларусі.

«Я распавяла прэм’ерцы пра беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за Ўкраіну, — сказала Сьвятлана Ціханоўская Свабодзе. — Я распавяла пра нашых мужных партызан, якія чакаюць на жахлівыя выракі ў судах. Я распавяла пра журналістаў і выдаўцоў самвыдату, якія расказваюць праўду пра тэрор і вайну. Я адзначыла важнасьць падтрымліваць Беларусь на парадку дня, бо для дыктатара выгадна, каб пра Беларусь забыліся. Тады можна працягваць тэрор, распраўляцца з апанэнтамі і ня несьці адказнасьці. Прэм’ерка мяне запэўніла, што мы маем поўную падтрымку Францыі, і Францыя ня будзе прызнаваць рэжым, як і раней».

Цягам трохдзённага візыту заплянаваныя яе сустрэчы з кіраўнікамі парлямэнту — прэзыдэнтам Сэнату Жэрарам Ляршэ і новай старшынёй Нацыянальнай Асамблеі Яэль Браўн-Півэ, а таксама з кіраўніцай МЗС Францыі Катрын Каляна і шэрагам ключавых міністраў.

Ціханоўская ў сераду ўвечары правяла перамовы таксама з дарадцай прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона Ізабэль Дзюмон.

У амбасадзе ЗША ў Францыі Ціханоўская атрымае ўзнагароду Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG