Пра гэта паведамляе Бюро эканамічнай бясьпекі (БЭБ) Украіны.
Сярод найбольш значных арыштаваных актываў БЭБ называе наступныя:
- вагоны і таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці ў вагонах коштам каля 19 мільярдаў грыўняў,
- актывы фінансавых установаў — 12,8 мільярда грыўняў,
- актывы сеткі АЗС арыенціровачна ацэньваюцца ў два мільярды грыўняў,
- некалькі гандлёвых цэнтраў коштам 1,3 мільярда грыўняў.
«Дэтэктывы БЭБ ажыцьцяўляюць дасудовае расьсьледаваньне ў 22 крымінальных вядзеньнях па правапарушэньнях у эканамічнай сфэры, часьцей за ўсё гэта ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Крымінальны працэсуальны кодэкс Украіны прадугледжвае адзіны парадак абыходжаньня з маёмасьцю: арышт — рашэньне суду — перадача ў кіраваньне або ўласнасьць дзяржавы», — цытуе «Настоящее время» паведамленьне бюро.
Паводле зьвестак бюро, маёмасьць прыблізным коштам адзін мільярд грыўняў ужо перададзена ў Нацыянальнае агенцтва па пошуку і мэнэджмэнце актываў (АРМА), зь іх 238 мільёнаў грыўняў ужо накіраваны ў даход дзяржавы.
У рамках нацыяналізацыі расейскіх актываў першага верасьня гэтага года Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны прыняў рашэньне канфіскаваць актывы старшыні савета дырэктараў карпарацыі АФК «Сыстэма» Ўладзіміра Яўтушэнкава. Па рашэньні інстанцыі канфіскаваны 17 аб’ектаў нерухомасьці агульнай плошчай больш за 100 тысяч кв. мэтраў і долі ў пяці ўкраінскіх прадпрыемствах, дзе Яўтушэнкаў валодаў пакетамі акцый ад 35 да 60%.
8 ліпеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб арышце актываў «Раснафты», «Газпрома» і «Расатаму» агульным коштам каля 2,1 млрд грыўняў (больш за $ 71 млн). Па ініцыятыве ведамства арышт накладзены на карпаратыўныя правы і нерухомасьць 11 прадпрыемстваў, канчатковымі бэнэфіцыярамі якіх зьяўляюцца гэтыя тры расейскія дзяржаўныя карпарацыі.
1 ліпеня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны заявіла аб арышце актываў дзевяці расейскіх карпарацый і кампаній, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, на суму 4,5 млрд грыўняў ($ 153 млн). Арышт накладзены на карпаратыўныя правы дзевяці кампаній, а таксама на 70 абʼектаў нерухомай маёмасьці, у тым ліку маёмасныя комплексы і зямельныя ўчасткі. Гэтыя фірмы, паводле зьвестак Нацпаліцыі Ўкраіны, належаць расейскім карпарацыям і кампаніям, у тым ліку «Растэху», «Русалу», «Татнафты» і «Групе ГМС».
13 чэрвеня ўлады Ўкраіны заявілі аб арышце карпаратыўных правоў кампаній на 53,4 млн грыўняў ($ 1,8 млн) расейскага алігарха. Украінскія СМІ паведамілі, што гаворка можа ісьці пра Міхаіла Фрыдмана — саўладальніка і старшыні наглядальнай рады кансорцыюму «Альфа-Груп», якой ва Ўкраіне належаць кампаніі IDS Borjomi International.
У канцы траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў закон, які дазваляе канфіскаваць на карысьць дзяржавы маёмасьць і актывы асобаў, якія падтрымліваюць расейскае ўварваньне. У пералік дзеяньняў, якія даюць падставы для прымяненьня гэтага закону, уваходзяць, у прыватнасьці, нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны і яе сувэрэнітэту, фінансаваньне гэтых дзеяньняў, у тым ліку інвэставаньне ў каштоўныя паперы «краіны-агрэсара», атаясамленьне ўкраінскага патрыятызму з «нацызмам», распальваньне нянавісьці да ўкраінскага народу, яго культуры і мовы.