У сьпісе зь пяці пазыцый першы радок належыць сумесна Сьвятлане Ціханоўскай і Аляксею Навальнаму.
«Сьвятлана Ціханоўская адыграла вядучую ролю ў негвалтоўным выкліку Лукашэнку і беларускім уладам, заклікаючы як да справядлівых выбараў, так і да спыненьня гвалту супраць тых, хто дэманструе супраць злоўжываньняў цяперашняга рэжыму. (…) За яе канкрэтную ролю ў кампаніі за дэмакратыю ў Беларусі і як дзяячкі дэмакратычнага руху ў Беларусі Ціханоўская была б годнай атрымальніцай Нобэлеўскай прэміі міру», — напісаў Генрык Урдаль, дырэктар Інстытуту дасьледаваньня міру ў Осла.
«Нобэлеўскую прэмію міру за 2022 год павінен атрымаць (супольна зь Ціханоўскай. — РС) расейскі дэмакратычны дзеяч Аляксей Навальны, антыкарупцыйны актывіст і лідэр апазыцыі, які адыграў цэнтральную ролю ў негвалтоўнай барацьбе за дэмакратыю ў Расеі», — таксама адзначыў Урдаль.
Нобэлеўскую прэмію міру, згодна з воляй фундатара ўзнагароды Альфрэда Нобэля, прысуджае ўтвораны нарвэскім парлямэнтам адмысловы камітэт. Гэты камітэт, як і ўсе іншыя камітэты Нобэлеўскай прэміі, не публікуе ніякіх сьпісаў фаварытаў.
«Нобэлеўскі тыдзень» пачынаецца ў панядзелак, 3 кастрычніка. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру будзе абвешчаны ў пятніцу, 7 кастрычніка.