Суд Цэнтральнага раёна Менска вынес вырак актывісту Яўгену Батуру: два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка Батуры Дзіяна Серадзюк. Яўгена вызвалілі з-пад варты ў зале суду.
Старшая памочніца пракурора Цэнтральнага раёна Казлова запрасіла для палітвязьня 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Як піша «Новы час», Яўген Батура віну прызнаў часткова, а ў апошнім слове папрасіў пры прызначэньні пакараньня ўлічыць асабістую сытуацыю, якая для яго цяпер прыярытэтная: цяжарнасьць жонкі і выяўленае анкалягічнае захворваньне ў бацькі.
Адвакатка палітвязьня Тацяна Лішанкова прасіла апраўдаць яе падабароннага, паколькі ў яго дзеяньнях адсутнічае склад злачынства.
У выніку судзьдзя Вікторыя Шабуня прызначыла Яўгену пакараньне ў выглядзе двух гадоў «хіміі». Яго вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыезьдзе, арышт з маёмасьці зьнялі.
Жонка палітвязьня Дзіяна Серадзюк пракамэнтавала прысуд:
«У мяне неадназначныя пачуцьці. З аднаго боку — вялікая радасьць, бо пасля трох месяцаў за кратамі муж вяртаецца дадому. Гэта стала выпрабаваньнем для нас і, спадзяюся, не зламала, а толькі ўзмацніла. Вельмі хачу падзякаваць людзям, якія падтрымлівалі нашу сям’ю, — нават не ўяўляю, як бы ўдалося справіцца без іх.
Аднак, на жаль, на гэтым нічога не скончылася, і наперадзе — адбыцьцё пакараньня. Я ўпэўнена, што мы годна пройдзем і гэты этап. Але нельга прызвычайвацца да таго, што і праз два гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі людзей працягваюць жорстка караць за тое, што яны проста выказалі сваё меркаваньне адносна палітычнай сытуацыі.
Столькі асобных людзей і цэлых семʼяў пацярпелі і працягваюць цярпець ад палітычных рэпрэсій у цэнтры Эўропы ў ХХІ стагоддзі — гэта ненармальная сытуацыя, якая, на жаль, пакуль не мае вырашэньня».
Як паведаміў актывіст Сяргей Мелянец у фэйсбуку, Батура выйшаў на волю з з тэмпэратурай.
«Гаворыць — уся камэра хварэе. Распавёў крыху пра перажытае. Сядзеў з добрымі людзьмі. Адзін з 2020 сядзіць без суда і сьледзтва. Улетку сьпякота ў камэры была забойнай — пад 45 градусаў. Амаль не еў у той час. Выйшаў стройны, падцягнуты, паголены). Лісты ў верасьні амаль не даходзілі. Раней — было лепш. Пасылкі, бандэролі, тэлеграмы, пераводы — заўсёды», — напісаў Сяргей Мелянец.
Яўгена Батуру затрымалі 29 чэрвеня, раніцай у яго дома правялі ператрус.
Пазьней родным актывіста патэлефанаваў сьледчы і паведаміў, што Яўгена затрымалі і наступныя 10 дзён ён правядзе на Акрэсьціна.
Паводле сьледчага, Батуру затрымалі за падзеі 2020 году.
12 ліпеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага. Яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Падставай стаў удзел у маршы МТЗ 14 жніўня 2020 году.
Суд на Батурам пачаўся 29 верасьня.