Судовыя пасяджэньні праходзяць у закрытым рэжыме, іх удзельнікі далі падпіску аб неразгалошваньні.
Судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка вядзе працэс з 6 чэрвеня. 29 чэрвеня ён абвясьціў перапынак у сувязі з правядзеньнем экспэртызы. Разьбіральніцтва мусіла аднавіцца 12 верасьня, але з прычыны хваробы аднаго з удзельнікаў было адкладзена да 21 верасьня.
Абвінавачаныя — галоўны рэдактар і дырэктар БелаПАН Ірына Леўшына, былы дырэктар Дзьмітрый Наважылаў, былы намесьнік дырэктара мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна. Фігуранты справы абвінавачваюцца ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрадзе дзяржаве» (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў (Аляксандраў, Наважылаў), падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках (Аляксандраў, Злобіна, якія аплачвалі штрафы ўдзельнікам пратэстаў). Усе чацьвёра прызнаныя палітвязьнямі.
Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 году, Леўшыну і Наважылава — 18 жніўня таго ж году.
Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі цяпер 31 прадстаўнік СМІ. Сама асацыяцыя дэ-юрэ ліквідаваная ўладамі і працуе за мяжой.