Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: ужываньне ядзернай зброі ва Ўкраіне будзе мець для Расеі катастрафічныя наступствы


Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван
Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван заявіў у нядзелю, што Масква сутыкнецца з «катастрафічнымі наступствамі», калі прыменіць ядзерную зброю супраць Украіны, бо Злучаныя Штаты гатовыя рашуча адказаць на такі крок.

Выказваньні Салівана прагучалі пасьля таго, як у сераду прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра мабілізацыю, пагражаючы пры гэтым выкарыстоўваць «усе наяўныя сродкі» нібыта для абароны Расеі.

«Калі Расея пяройдзе гэтую рысу, то наступствы для яе для яе будуць катастрафічнымі. ЗША адкажуць рашучым чынам», — сказаў Саліван у інтэрвію каналу NBC.

Як адзначае «Голас Амэрыкі», Саліван не апісаў характар «рашучага адказу», але сказаў, што ЗША ў закрытым парадку паведамілі Маскве «больш падрабязна, што менавіта гэта будзе азначаць».

Саліван падкрэсьліў, што ЗША часта падтрымліваюць прамыя кантакты з Расеяй, у тым ліку на працягу апошніх некалькіх дзён, каб абмеркаваць сытуацыю ва Ўкраіне, дзеяньні і пагрозы Пуціна.

«Пуцін па-ранейшаму мае намер... сьцерці з зямлі народ Украіны, які, на яго думку, ня мае права на існаваньне. Таму ён будзе працягваць наступаць, а мы павінны працягваць даваць зброю, боепрыпасы, разьведдадзеныя і ўсю падтрымку, якую мы можам забясьпечыць», — сказаў Саліван.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сваім выступе на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў сераду абвінаваціў Пуціна ў «непрыкрытых ядзерных пагрозах на адрас Эўропы» і ў безразважным грэбаваньні абавязаньнямі па нераспаўсюдзе ядзернай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG