Канстытуцыйны суд Анголы адхіліў скаргу апазыцыйнай партыі Нацыянальны саюз за поўную незалежнасьць Анголы (УНІТА), якая заняла другое месца на выбарах 24 жніўня. УНІТА, былая паўстанцкая групоўка, якая змагалася з кіруючым Народным рухам за вызваленьне Анголы (МПЛА) на працягу амаль трох дзесяцігодзьдзяў, атрымала шмат галасоў ад моладзі, якая адчувае сябе пакінутай у баку ад нафтавых багацьцяў краіны, піша Голас Амэрыкі.
«Грамадзяне не з MПЛА. Мы хочам, каб яны сышлі!» — скандавалі дэманстранты.
Многія зь мітынгоўцаў — моладзь і беспрацоўныя, якія вінавацяць у беднасьці партыю MПЛА, некаторыя з членаў якой сталі мільярдэрамі дзякуючы нафтавым багацьцям Анголы.
Дэманстранты занялі плошчу Незалежнасьці, дзе традыцыйна МПЛА праводзіць свае мітынгі і вечары перамогі. Пратэсты былі мірнымі, хоць аналітыкі асьцерагаюцца, што гневу і расчараваньня ў моладзі дастаткова, каб любыя пратэсты хутка перарасьлі ў гвалт.
Лідэр УНІТА Адальбэрта Коста Жуніёр заклікаў да пратэстаў пасьля паразы дзейнаму прэзыдэнту Жоао Лурэнку на выбарах 24 жніўня. Афіцыйныя асобы апазыцыйнай партыі не апублікавалі пакуль ніякіх доказаў сваіх заяваў аб фальсыфікацыі выбараў.
Крыху больш за 51% выбаршчыкаў прагаласавала за былую марксісцкую МПЛА, паводле афіцыйных вынікаў партыя УНІТА атрымала каля 44%.