Аб гэтым піша Politico са спасылкай на сем крыніц.
Паводле суразмоўцаў выданьня, Кіеву патрэбныя амэрыканскія M1 Abrams і нямецкія Leopard, аднак, прадстаўнікі нацыянальнай бясьпекі ў ЗША і Нямеччыны марудзяць з пастаўкай танкаў, у тым ліку — праз праблемы з навучаньнем і лягістыкай.
Амэрыканскія танкі М1 моцна адрозьніваюцца ад бронетэхнікі савецкай вытворчасьці, якую цяакп эксплёатуе Ўкраіна, піша Politico. Генэрал у адстаўцы Бэн Ходжэс, былы камандуючы войскам ЗША ў Эўропе, адзначыў, што для кіраваньня M1 неабходная падрыхтоўка, і зьвярнуў увагу на вялікі расход паліва.
«Гэта не пракатныя аўтамабілі, да іх шмат прыкладаецца», — сказаў Ходжэс. — Па сутнасьці, вы дадаяце сотні дадатковых рэчаў, якія давялося б насіць з сабой. ... Вы паглядзіце на танкавую роту арміі ЗША сёньня, за ёй кожны дзень ідуць тысячы галёнаў паліва».
Паводле адной з крыніц газэты, нямецкія Leopard больш падыходзяць для ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, паколькі па характарыстыках яны больш падобныя да савецкіх танкаў. Аднак Бэрлін неаднаразова адхіляў запыт Кіева на пастаўку тэхнікі, а міністар абароны Нямеччыны Крысьцін Лямбрэхт на днях паведаміла аб дамоўленасьці Нямеччыны з партнэрамі па NATO «не рабіць такіх дзеяньняў у аднабаковым парадку».
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію Bild заявіў, што бронетэхніка стала для ўкраінскіх ваенных пытаньнем выжываньня і, калі Нямеччына хоча дапамагчы захаваць жыцьці ўкраінцаў, нямецкім палітыкам неабходна вырашаць пытаньні пастаўкі ня толькі танкаў, але таксама «больш зьнішчальнай зброі».
На думку Зяленскага, Нямеччыне варта стаць прыкладам для астатніх дзяржаў у пытаньні вайсковай падтрымкі Ўкраіны, а не чакаць іх рашэньняў. «Калі вы ня хочаце нам даць, — паслухайце, бяз крыўд, вы самастойная дзяржава, — дык не давайце. Але не спрабуйце казаць: „Спачатку Амэрыка, потым — Нямеччына, потым будзе Польшча, і таму падобнае“. Ня трэба. Кожны павінен адказваць за сябе», — заявіў Зяленскі.
Раней Нямеччына і Польшча ўзгаднілі так званыя «кругавыя пастаўкі». Варшава з пачатку вайны перадала Украіне больш за 200 танкаў савецкага ўзору. Узамен Нямеччына абяцала даць Польшчы сучасныя нямецкія танкі, аднак да гэтага часу ня выканала гэтага абяцаньня.
Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўлады Нямеччыны ўпершыню ў найноўшай гісторыі перагледзелі палітыку, якая забараняла пастаўкі ўзбраеньня ў зоны канфліктаў.
Раней Бэрлін пагадзіўся паставіць Украіне 50 бронеаўтамабіляў Dingo і ўжо перадаў 24 зэнітныя самаходныя ўстаноўкі (ЗСУ) Gepard і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі (САУ) Panzerhaubitze 2000. Аднак адмаўляецца перадаваць Кіеву свае танкі Leopard любых мадыфікацый.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.