Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой ABBA і цэнтар сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE Belarus ладзяць ІІ Беларускі бізнэс-форум у Варшаве «Belarus Business Harbour 2022», які адбудзецца ў Залі каціровак Варшаўскай фондавай біржы, самай буйной фінансавай біржы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
«Наш штогадовы форум зьяўляецца пляцоўкай для дыскусіі з прадстаўнікамі Польшчы, Эўразьвязу і ЗША. На ім можам абмеркаваць бягучы стан справаў беларускага бізнэсу за мяжой, вызначыць ключавыя праблемы і шляхі іх вырашэньня. Удзел у форуме бясплатны, але ў сувязі з абмежаванай колькасьцю месцаў перавага будзе аддавацца ўладальнікам бізнэсу», — напісалі арганізатары.
Праграма на сайце форуму: abbacaseforum.com.
Перад пачаткам форуму выступіла Сьвятлана Ціханоўская. Яна заявіла, што зь мінулай бізнэс-сустрэчы беларусаў шмат зьмянілася, у прыватнасьці, пачалася вайна пры ўдзеле беларускага дыктатара, што ўплывае і на эканоміку, і на стаўленьне да беларусаў у сьвеце.
«24 лютага Лукашэнка дазволіў Расеі выкарыстаць беларускую тэрыторыю для ваеннага нападу на Ўкраіну. За адзін дзень у вачах амаль усяго сьвету беларусы перасталі быць мужнымі мірнымі змагарамі за дэмакратыю, стаўшы прадстаўнікамі краіны-суагрэсара. Толькі мы ўсё тыя ж людзі, якія змагаліся за свабоду, але цяпер кожны дзень даводзіцца даказваць, што рэжым не прадстаўляе народ Беларусі.
Беларускі прыватны сэктар быў адным зь першых, хто заплаціў цану за гэты акт суагрэсіі. Новыя эканамічныя санкцыі і міжнародны байкот зрабілі Беларусь таксычнай для сусьветнай эканомікі. Беларускі бізнэс страціў сваіх міжнародных кліентаў, пастаўшчыкоў і партнэраў. Я разумею, што гэта нішто ў параўнаньні з пакутамі і стратамі ўкраінскага народу, які мы падтрымліваем і ўсім сэрцам зычым яму перамогі ў гэтай жудаснай вайне. Аднак я як лідэр павінна гучна гаварыць аб праблемах беларусаў як у краіне, так і за мяжой, у тым ліку і аб праблемах беларускіх прадпрымальнікаў.
За шэсьць месяцаў 2022 году ў Беларусі зьнікла амаль 6000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Большасьць зь іх пакінулі краіну. Польшча стала асноўнай краінай прызначэньня для беларускага бізнэсу, паколькі тут былі створаныя спрыяльныя ўмовы для пераезду бізнэсу, у тым ліку спрошчаны візавы рэжым і праграмы падтрымкі пераезду, такія як Poland Business Harbour. Беларусы ня толькі займаюць працоўныя месцы, мы іх таксама ствараем».
Таксама яна выступіла зь некалькімі прапановамі:
- Спрасьціць працэдуру атрыманьня візаў, дазволаў на жыхарства, адкрыцьця фірмаў і банкаўскіх рахункаў для беларускіх бізнэсоўцаў, якія не падтрымліваюць рэжым і вайну ва Ўкраіне.
- Стварыць гарантыйны фонд у ЭЗ, які дазволіць беларускім прадпрымальнікам без крэдытнай гісторыі ў краінах Эўразьвязу атрымліваць крэдыты для бізнэсу.