Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады заблякавалі актывы яшчэ 4 кампаній, якія належаць інвэстарам зь «недружалюбных краін»


Прадукцыя ТАА «Белфуд Прадакшн»
Прадукцыя ТАА «Белфуд Прадакшн»

Савет міністраў Беларусі пастановай № 616 ад 15 верасьня зьмяніў пералік юрыдычных асобаў, якія належаць інвэстарам зь «недружалюбных краінаў». Ім забаронена нешта рабіць са сваімі актывамі ў Беларусі без дазволу беларускіх уладаў.

У сьпіс дададзеныя чатыры кампаніі, долі ў якіх належаць юрыдычным і фізычным асобам з Кіпру, Латвіі і Польшчы:

  • ТДА «Эга-Арт» (сетка крамаў ювэлірных вырабаў EGO-ART),
  • ТАА «Белфуд Прадакшн» (прадукты харчаваньня для дзяцей),
  • ТАА «КімаБел» (піламатэрыялы),
  • СТАА «Завод «Нодвіг» (вырабляе асынхронныя аднафазныя і трохфазныя электрарухавікі сярэдняй магутнасьці і іншыя электрарухавікі адмысловага прызначэньня).

Пры гэтым зь пераліку выключылі ЗТАА «ЛУКОЙЛ Беларусь», доля ў якім належаць аўстрыйскім уласьнікам.

5 ліпеня пастановай Савета міністраў быў вызначаны пералік са 190 кампаніяў, акцыянэрамі якіх зьяўляюцца замежныя юрыдычныя ці фізычныя асобы «з замежных дзяржаваў, якія чыняць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асобаў». З таго часу замежныя фізычныя і юрыдычныя асобы з 23 краін, якія валодаюць (цалкам або часткова) адной з гэтых кампаній, ня могуць прадаць і вывесьці свае актывы зь Беларусі.


У сьпісе кампаній апынуліся, сярод іншага, «Эўраопт», Dana Astra, «Лукойл Беларусь», EPAM Systems, Магілёўскі мэталюргічны завод, «Лідзкае піва», Менскі гадзіньнікавы завод, «Мазырсоль», «Лідсельмаш», «Беліта», Mattioli, Remondis Minsk, Слуцкі мясакамбінат, Henkel Bautechnik, «Камунарка», «Спартак», Маладэчанскі мэтызны завод і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG