Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвясьцілі новыя санкцыі супраць Расеі


 Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Шэраг санкцый быў уведзены Дзярждэпартаментам ЗША, а таксама Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам гандлю.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі» з спасылкай на дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.

У заяве, апублікаванай Дзярждэпартаментам, удакладняецца, што санкцыі былі ўведзены супраць буйных расейскіх абаронных прадпрыемстваў, «ключавых кампаній, якія займаюцца перадавымі тэхналёгіямі, якія падтрымліваюць абаронна-прамысловую базу і фінансавую інфраструктуру». Акрамя таго, новыя санкцыі закранулі расейскую вайсковую выведку і асоб, якія маюць дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека «як у вайне Крамля супраць Украіны, так і ўнутры самой Расеі».

Дзяржаўны дэпартамэнт увёў санкцыі ў дачыненьні да людзей, якія ўдзельнічаюць у дзейнасьці так званых «адміністрацый» на акупаваных расейцамі ўкраінскіх тэрыторыях, а таксама ў дачыненьні да 31 абароннай, тэхналягічнай і электроннай арганізацыяў.

Пад санкцыямі, у прыватнасьці, апынуліся 22 расейскія прызначэнцы, у тым ліку пяць чалавек, якія нясуць адказнасьць за канфіскацыю і крадзеж сотняў тысяч тон украінскага збожжа.

Упраўленьне кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША ўнесла ў санкцыйны сьпіс дзьве юрыдычныя і 22 фізычныя асобы. У іх лік уваходзяць людзі, зьвязаныя з парушэньнем правоў чалавека, напрыклад дзіцячы амбудсмэн Марыя Львова-Бялова, якая ўзначаліла намаганьні ў дэпартацыі дзясяткаў тысяч украінскіх дзяцей у Расею.

У санкцыйным сьпісе таксама члены сям'і Рамзана Кадырава, шэраг банкіраў, судзьдзі і прадстаўнікі ўзброеных фармаваньняў.

OFAC таксама ўвяла санкцыі ў дачыненьні да ключавых фінансавых устаноў, такіх як Расейская нацыянальная сыстэма аплатных картаў (НСПК), арганізацыі, якая належыць Цэнтральнаму банку Расеі і кіруе нацыянальнай сеткай плацежных картак «Мир».

OFAC выдала пастанову, якая забараняе грамадзянам ЗША, дзе б яны ні знаходзіліся, аказваць паслугі квантавых вылічэньняў любой асобе, якая знаходзіцца ў Расеі.

Міністэрства гандлю ЗША пашырыла экспартны кантроль адносна Расеі і Беларусі, дадаўшы кантроль над таварамі, патэнцыйна карыснымі для расейскіх магутнасьцей па вытворчасьці хімічнай і біялягічнай зброі.

Па словах Энтані Блінкена, усе людзі і арганізацыі, якія апынуліся пад санкцыямі, прадэманстравалі паводзіны, «якія сталі сынонімам нічым несправакаванай вайны, абвешчанай урадам Расеі» супраць Украіны.

«Злучаныя Штаты працягнуць прымаць меры супраць тых, хто падтрымлівае абаронна-прамысловую базу Расеі, парушэньні правоў чалавека і спробы ўзаконіць акупацыю ўкраінскай тэрыторыі, дзе б яны ні знаходзіліся», — дадаў дзяржсакратар Блінкен.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG