Дзейнасьць клінікі будзе прыпынена з 26 верасьня «да выпраўленьня выяўленых парушэньняў», гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе Мэдыязона.
Міністэрства аховы здароўя выявіла ў клініцы парушэньні ліцэнзійных патрабаваньняў, факты невыкананьня клінічных пратаколаў, парушэньні ў галінах мэдаглядаў, аказаньня неадкладнай мэддапамогі і санітарных нормаў.
«Названыя парушэньні ў клініцы „Мерсі“ могуць пацягнуць за сабой прычыненьне шкоды дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам, жыцьцю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян або стварыць пагрозу прычыненьня такой шкоды», — лічаць у міністэрстве.
Па дадзеных Беларускага расьсьледвальнага цэнтру, клініка «Мерсі» належыць сяброўцы Віктара Лукашэнкі Людміле Няронскай. Журналісты высьветлілі, што «справа артапэдаў», падчас якой затрымалі 35 лекараў, паспрыяла бізнэсу Няронскай — «Мерсі» стала адзінай клінікай у Беларусі, якая працягнула ўсталёўваць імпартныя пратэзы, але ў тры разы даражэй, чым раней іх ставілі ў дзяржаўных бальніцах.
У дзяржаўных жа бальніцах з такімі пратэзамі больш не працуюць, бо з прычыны «справы артапэдаў» мэдустановы зазналі пазаплянавыя праверкі, а ў некаторых нават прыпынілі ліцэнзію, тлумачылі расьсьледавальнікі.