Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва»: пасьля памілаваньня на волю выйшаў бізнэсовец Юры Чыж


Юры Чыж, архіўнае фота
Юры Чыж, архіўнае фота

Пра вызваленьне колішняга набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Юрыя Чыжа паведаміла «Наша ніва». Камісія па памілаваньні задаволіла хадайніцтва Юрыя Чыжа аб спыненьні крымінальнага перасьледу. Ён ужо на волі.

Памілаваць у Беларусі фармальна можа Аляксандар Лукашэнка.

Раней выданьне з спасылкай на свае крыніцы пісала, што Юрыю Чыжу выставілі абвінавачаньне паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Махлярства, зьдзейсьненае групай асоб або ў асабліва буйным памеры», пагражала да 10 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам).

Афіцыйнай інфармацыі пра вызваленьне Чыжа няма.

Юры Чыж, некалі набліжаны да Лукашэнкі самы ўплывовы бізнэсовец у Беларусі, знаходзіўся пад вартай з 15 сакавіка 2021 году. Яго затрымалі пасьля вяртаньня з Масквы. Разам з Чыжом затрымалі кіраўнікоў некалькіх кампаній — тых, што засталіся ў бізнэсоўца пасьля разгрому ягонай імпэрыі.

Прэтэнзіі ў сілавікоў тады ўзьніклі да топ-мэнэджмэнту «Кварцкрэйдапрама» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забясьпечвала крэйдай бярозаўскі завод па вырабе будаўнічых матэрыялаў (таксама належыць Чыжу). Таксама нібыта быў затрыманы адзін з кіраўнікоў «Данпрада» — прадпрыемства на Валожыншчыне, якое вырабляла сьвініну.

Нарэшце, прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які пасьпяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры зь якіх у Менску, перад гэтым забралі ліцэнзію на продаж паліва.

Раней Юрыя Чыжа ўжо затрымлівалі ў 2016 годзе праз падазрэньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Неўзабаве ён выйшаў на волю, у гэты ж час вялося сьледзтва ў дачыненьні да ягонага партнэра Ўладзімера Япрынцава.

Пазьней пачаўся падзел бізнэсу, вынікам чаго стала згортваньне шэрагу буйных праектаў групы кампаній. Цяпер ТАА «Трайпл» у стане ліквідацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG