Судовыя працэсы праходзяць паралельна і ў закрытым рэжыме, паведамляе «Вясна».
Летась на АНТ выйшаў фільм «„Манкурты“: сакрэтная апэрацыя КДБ», у якім гаворыцца, што затрыманых Гаркача, Сідаракіна і Старчанку КДБ вінавацяць у спробе вывазу зь Беларусі падпалкоўніка Камітэта дзяржбясьпекі Аляксея Храловіча.
У чым абвінавачваюць былых сілавікоў?
Вячаслава Сідаракіна і Сяргея Старчанку:
- паводле ч. 3 арт. 295 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
- паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 333-1 КК (Незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу ЭАЭС або дзяржаўную мяжу Беларусі атрутных рэчываў, радыяактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў);
Юрыя Гаркача:
- паводле ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
Вячаслаў Сідаракін зьяўляўся спэцыялістам у падрыўной дзейнасьці. У фільме «Манкурты» гаварылася, што ён супрацоўнічаў зь Ігарам Макарам і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы магчымых тэрактаў, сабраў дома ў свайго сваяка велізарны арсэнал зброі і боепрыпасаў. Як паведамлялася ў фільме, яго затрымалі разам з саўдзельнікам Юрыем Гаркачом і сваяком Сяргеем Старчанкам.
«Справа Храловіча»
38-гадовага экс-падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча асудзілі 30 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе на 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў паводле ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве, зьдзейсьненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча).
Згодна зь інфармацыяй, паказанай у фільме «Апэрацыя КДБ „Манкурты“», Храловіч меў дачыненьне да перадачы Сьцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыё размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых аўдыё вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. Але ў гэтым жа фільме сьцьвярджалася, што размовы — інсцэніроўка, пра якую Храловіч ня ведаў.
У гэтай жа справе затрымалі і ўжо асудзілі на 18 гадоў калёніі палітзьняволенага спэцсувязіста Генштабу Ўзброеных сіл Дзяніса Урада.