Удзельнікі маршу, пераважна жанчыны і дзеці, несьлі чэскія і ўкраінскія сьцягі, раздавалі мінакам кветкі і сувэніры ручной работы.
Удзел узялі ўкраінскі рок-гурт «Скай» і сьпявачка Севярына, а таксама дзеці з Праскай школы мастацтваў UAKidsSchool.
«Практычна ўсе ўкраінцы плакалі. Калі яны віталіся з чэхамі, якія праходзілі міма. Або калі дарылі падарункі і чулі ў адказ словы падтрымкі», — сказала адна з арганізатараў маршу Віялета Разьнічэнка.
У суботу, 3 верасьня, у Празе прайшла акцыя супраць палітыкі ўраду, частка ўдзельнікаў выступіла з антыўкраінскімі лёзунгамі.
Зь лютага сёлета, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, больш за 424 тысячы грамадзян Украіны атрымалі ад Чэхіі візы з часовай абаронай. Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі Чэхіі, у верасьні ў чэскія школы пайшлі 57–60 тысяч школьнікаў з Украіны.
Пасьля дэманстрацыі 3 верасьня прэм’ер-міністар Чэхіі Фіяла заявіў, што яна была арганізаваная «прарасейскімі сіламі».
Паводле дадзеных чэскай паліцыі, 3 верасьня каля 70 тысяч чалавек сабраліся на Вацлаўскай плошчы ў Празе на антыўрадавую дэманстрацыю. Пасьля яе прэм’ер-міністар Пэтр Фіяла заявіў журналістам, што ў Чэхіі адбываюцца прарасейскія дэзынфармацыйныя кампаніі і што частка насельніцтва падпадае пад іх уплыў.
Фіяла дадаў, што кожны мае права выказваць сваю думку і праводзіць дэманстрацыі. «Тлумачэньні падзей, якія я меў магчымасьць бачыць да гэтага часу, паказваюць на рэзка прарасейскія настроі, і, на мой погляд, дэманстрацыя не адпавядае інтарэсам Чэхіі і нашых грамадзян», — дадаў Фіяла.
Пасьля гэтай заявы Фіялы з розных бакоў палітычнага спэктру пачалася крытыка ягоных словаў.
Ваявода Паўднёвачэскага краю і старшыня Саюзу рэгіёнаў Марцін Куба заявіў, што словы Фіялы былі няўдалыя. Паводле Кубы, урад не павінен недаацэньваць страх людзей перад цяперашнім ростам цэнаў і крызісам і павінен даць ім зразумець, што дапаможа ім у гэтай сытуацыі.
Віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Яна Мрачкава Вілдумецава таксама ахарактарызавала заяву Фіялы аб дэманстрацыі як прыкрую. Яна заявіла, што ня згодная з усімі выступоўцамі на мітынгу, але пратэстоўцы карыстаюцца яе падтрымкай. Паводле яе слоў, урад дрэнна дае рады бягучай сытуацыі.
Губэрнатар Лібэрэцкага краю Марцін Пута таксама выказаў сваё разуменьне ўдзелу людзей у дэманстрацыі. Ён заявіў, што нельга камэнтаваць такі маштабны пратэст толькі словамі аб прарасейскіх арганізатарах мітынгу. «Урад павінен зь імі размаўляць, і яго нельга зьмякчыць, закляйміўшы арганізатараў дэманстрацыі людзьмі, якія падтрымліваюць Пуціна. Думаю, за апошнія два тыдні міністры зразумелі, што сытуацыя няпростая», — сказаў Пута.
Паводле словаў дэпутата ад сацыял-дэмакратаў Яна Хрнчыржа, заявы Фіялы былі напышлівыя і дурныя. Хрнчырж сказаў, што ня думае, што дэманстрацыя была арганізаваная прарасейскімі сіламі. Паводле яго слоў, выступы на дэманстрацыі былі пра бязвыхадную сытуацыю, калі ўрад ня можа дапамагчы людзям.
Пракамэнтавалі суботнюю дэманстрацыю і міністры. Так, міністар рэгіянальнага разьвіцьця Іван Барташ напісаў у Твітэры, што ня хоча прымяншаць занепакоенасьць людзей наконт энэргетычнага крызісу і навешваць ярлык прыхільнікаў пракрамлёўскага руху на любога, хто ставіць пад сумненьне дзеяньні ўраду.
«Так, Крэмль і экстрэмісты выкарыстоўваюць цяперашнюю складаную сытуацыю, смутныя часы, каб узрушыць грамадзтва, а сярод арганізатараў учорашняй дэманстрацыі іх было нямала. Але, напэўна, ёсьць і шэраг зусім звычайных людзей, сем’яў, прадпрымальнікаў, якіх хвалюе пэрспэктыва на найбліжэйшыя месяцы. Мы тут ня дзеля таго, каб кінуць выклік іх страхам, мы тут, каб у іх не было гэтых страхаў», — напісаў Барташ у сацыяльных сетках.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.