«Улічваючы складаныя наступствы для памежных краін, мы прызнаем, што меры могуць быць прынятыя на нацыянальным узроўні, каб абмежаваць уезд у ЭЗ у адпаведнасьці з Шэнгенскім памежным кодэксам ЭЗ», — сказаў Бурэль, падсумоўваючы вынікі сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ у Празе.
Гэтая пазыцыя, выпрацаваная на сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ у Празе, адкрывае шлях для Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі, якія дамагаліся забароны на выдачу візаў расейскім турыстам, прыняць больш строгія меры, чым толькі прыпыненьне дзеяньня пагадненьня аб спрошчаным атрыманьні расейцамі турыстычных візаў ЭЗ.
Паводле інфармацыі, даступнай Свабодзе, у пятніцу, 2 верасьня, пяць названых краін правядуць онлайн-сустрэчу, каб выпрацаваць рэгіянальны падыход наконт захадаў супраць расейскіх турыстаў. Рашэньне ў гэтым пытаньні можа быць гатовае ўжо на наступным тыдні.
Паводле дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, краіны ЭЗ зараз ня будуць уводзіць візавых абмежаваньняў супраць звычайных беларусаў. «Мы грукаліся — і нас пачулі: эўрапейскія міністры не будуць уводзіць візавы бан супраць беларусаў. Мы тлумачылі, чаму важна адрозьніваць беларусаў і рэжым Лукашэнкі. Мы казалі, што візы — гэта не пра адпачынак, гэта пра падтрыманьне сувязяў, гэта пра бясьпеку людзей, гэта пра стыпэндыі і стажыроўкі ў рэшце рэшт. Для беларусаў візы — гэта не раскоша, гэта неабходнасьць падтрыманьня грамадзтва і абароны незалежнасьці», — заявіў дарадца Ціханоўскай пасьля сустрэчы міністраў ЭЗ у Празе.