Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 700 кантрактнікаў адной з брыгад РФ ва Ўкраіне спрабуюць звольніцца, але камандаваньне ім адмаўляе, — СМІ


Ілюстрацыйнае фота. Стэнд з імёнамі і фатаздымкамі загінулых вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады
Ілюстрацыйнае фота. Стэнд з імёнамі і фатаздымкамі загінулых вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады

З 64-й асобнай мотастралковай брыгады расейскай арміі ў апошнія месяцы спрабуюць звольніцца каля 700 кантрактнікаў, аднак камандаваньне адмаўляецца выводзіць з тэрыторыі Ўкраіны нават тых вайскоўцаў, у каго кантракт з войскам скончыўся, сьцьвярджае выданьне «Важные истории» са спасылкай на саміх вайскоўцаў, якія зьвязаліся з рэдакцыяй.

Вайскоўцы таксама абвінавачваюць камандзіраў у тым, што яны аддавалі загады страляць па мірных жыхарах, а таксама што яны займаюцца марадэрствам.

Раней «Важные истории» апублікавалі расьсьледаваньне аб падзеях у Андрэеўцы пад Кіевам, заснаванае, акрамя іншага, на словах кантрактніка Данііла Фролкіна, які служыў у 64-й брыгадзе (яму ўдалося звольніцца з войска). Шэраг таварышаў па службе Фролкіна, як піша выданьне, пацьвердзілі яго словы, а таксама распавялі, што ім не даюць звольніцца са службы. Некалькі вайскоўцаў назвалі ў ліку тых, хто ігнаруе рапарты кантрактнікаў, намесьніка камандзіра брыгады падпалкоўніка Андрэя Пракурата. Фролкін раней абвінаваціў яго ў загадах аб расстрэле мірных жыхароў.

Некалькі суразмоўцаў «Важных историй» таксама пацьвердзілі расповяды Фролкіна аб стральбе па мірных жыхарах і марадэрстве. Рэакцыі Мінабароны Расеі на артыкул «Важных историй» пакуль няма.

Раней паведамлялася аб шэрагу выпадкаў ціску на расейскіх вайскоўцаў, якія заявілі аб жаданьні разарваць кантракт, каб ня ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Сьцьвярджаецца, у прыватнасьці, што ў Луганскай вобласьці фактычна пад вартай утрымлівалі каля 10 такіх расейскіх вайскоўцаў.

Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што ў вайне супраць Украіны, якую ў РФ называюць «спэцапэрацыяй», удзельнічаюць толькі афіцэры і байцы-кантрактнікі. Паколькі афіцыйна баявыя дзеяньні не зьяўляюцца вайной, кантрактнікі маюць права падаваць рапарты як аб няўдзеле ў «спэцапэрацыі», так і аб датэрміновым звальненьні з войска.

64-я асобная мотастралковая брыгада з Хабараўскага краю — расейскае падразьдзяленьне, вайскоўцы якой у сакавіку 2022 году прысутнічалі ў акупаванай тады Бучы. Украінскія ўлады і Міжнародны крымінальны суд расьсьледуюць шматлікія падазрэньні ў забойствах расейскімі вайскоўцамі мірных жыхароў, марадэрстве і іншых злачынствах. Расейская служба Радыё Свабода нядаўна апублікавала расьсьледаваньне аб стратах сярод вайскоўцаў брыгады. Па шэрагу сьцьвярджэньняў, гаворка ідзе пра дзясяткі і нават сотні вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG