Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прафіляктычныя працы»: «Газпром» анансаваў новае прыпыненьне працы газаправоду «Паўночны паток»


Адзіную працоўную турбіну «Паўночнага патоку» Trent 60 прыпыняць на тры дні — з 31 жніўня па 2 верасьня — для «правядзеньня тэхнічнага абслугоўваньня». У гэты пэрыяд транспартаваньне газу па газаправодзе будзе прыпыненае, паведамляе «Газпром».

У ліпені «Паўночны паток» быў цалкам спынены на 10 дзён — паводле «Газпрому», у сувязі з плянавым рамонтам. Пасьля гэтага «Газпром» скараціў прапампоўваньне газу па газаправодзе да 33 млн куб. м у дзень — гэта 20% ад праектнай магутнасьці. Прычынай быў названы плянавы рамонт яшчэ аднаго газаперапампавальнага агрэгату.

Раней «Газпром» тлумачыў скарачэньне паставак газу ў Нямеччыну рашэньнем Канады праз санкцыі заблякаваць вяртаньне ў Расею газавых турбін фірмы Siemens, якія знаходзіліся ў Канадзе на рамонце. Па дадзеных «Коммерсанта», 17 ліпеня Канада адправіла ў Нямеччыну адрамантаваную газавую турбіну. Далей яе павінны былі даставіць на пароме і па сушы праз Хэльсынкі на кампрэсарную станцыю «Партовая» каля пасёлка Тарфянаўка Ленінградскай вобласьці.

3 жніўня «Газпром» назваў немагчымым вяртаньне турбіны на кампрэсарную станцыю газаправоду праз санкцыйныя рэжымы Канады, Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і «неадпаведнасьці існай сытуацыі дзейным кантрактным абавязацельствам» вытворцы.

Турбіны Siemens, пра якія ідзе гаворка, вырабляюцца карпарацыяй на заводзе ў Канадзе і рамантуюцца там жа. Адну зь іх адправілі для рамонту на завод перад увядзеньнем санкцый. Атава спачатку адмовілася вяртаць рухавік Расеі пасьля рамонту, але потым пагадзілася гэта зрабіць на просьбу Нямеччыны.

Кіраўнік Siemens Energy Крысціян Брух заяўляе, што цяпер на кампрэсарнай станцыі «Паўночнага патоку» працуе толькі адна турбіна, для 100% загрузкі неабходна пяць.

На гэтым тыдні цэны на будучыя пастаўкі прыроднага газу ў Эўропе ўпершыню з сакавіка ўстанавілі рэкорд, піша Bloomberg. Адзначаецца, што кошт стандартнага кантракту вырас на 6,7%, дасягнуўшы 241 эўра за мэгават-гадзіну. Гэта даражэй за папярэдні рэкорд, устаноўлены ў пачатку сакавіка, калі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну шакіравала рынкі. «Кошты зараз прыкладна ў 11 разоў вышэйшыя, чым звычайна бываюць у гэты пэрыяд году. Выдаткі растуць для хатніх гаспадарак і бізнэсаў, якія сутыкаюцца з найбольшай інфляцыяй на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў», — сьцьвярджае агенцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG