Пра выяўленыя парушэньні заявіў 18 жніўня намесьнік начальніка аддзелу Генэральнай пракуратуры Павал Елісееў. Яго камэнтар распаўсюдзіла прэс-служба органу.
«Камплектуючыя, кармы, вэтэрынарныя прэпараты, транспартныя паслугі ў асобных выпадках набываліся па завышанай цане, а адказныя за гэтыя працэдуры службовыя асобы, якія лабіявалі інтарэсы нядобрасумленных камэрцыйных структур, атрымлівалі хабары», — зазначыў Елісееў.
Паводле яго, за апошні тыдзень за карупцыйныя злачынствы «выкрыты і арыштаваны шэсьць кіраўнікоў с/г прадпрыемстваў».
Прадстаўнік Генпракуратуры таксама паведаміў, што «выкрываюцца шматлікія факты безгаспадарлівасьці, халатнасьці, бязьдзейнасьці, крадзяжоў, перавышэньня паўнамоцтваў і службовых падлогаў сярод кіраўнікоў і матэрыяльна адказных асоб прадпрыемстваў, супрацоўнікаў вэтэрынарнай службы і органаў выканаўчай улады».
Елісееў растлумачыў, што «гаворка ідзе пра незахаваньне буйной рагатай жывёлы, паліўных рэсурсаў і тэхнікі, псаваньне ўраджаю, утойваньне рэальнага стану спраў і праблем».
16 жніўня падчас наведваньня Смалявіцкага раёну Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падчас уборкі ўраджаю «патрэбна дыктатура». Падчас аднаго зь іншых візытаў ён чарговы раз заявіў, што «кантроль павінен быць вельмі жорсткім» і ў кіраўнікоў ёсьць на гэта ўсе паўнамоцтвы, таму «зь іх спагнаньне мусіць быць перш за ўсё».