У панядзелак на закрыцьці Лёнданскай фондавай біржы барэль эўрапейскай нафты маркі Brent каштаваў $94,55, страціўшы 3,7 працэнта адносна цаны ў канцы папярэдняй сэсіі, піша Gazeta Wyborcza. А на Нью-Ёрскай фондавай біржы барэль амэрыканскай нафты маркі WTI каштаваў 88,77 даляра, патаньнеўшы на 3,6 працэнта.
Падчас першай сэсіі гэтага тыдня цэны на нафту на абедзьвюх біржах упалі ажно на 5%.
Цэны на нафту на мінулым тыдні зьнізілі асьцярогі глябальнай рэцэсіі. Цяпер інвэстараў напалохалі навіны аб дрэнным стане кітайскай эканомікі.
У панядзелак Нацыянальнае бюро статыстыкі Кітая абвясьціла, што прамысловая вытворчасьць у ліпені вырасла на 3,8 працэнта. У гадавым вылічэньні — гэта на 0,1 працэнтнага пункта менш, чым у чэрвені. А спажывецкія выдаткі вырасьлі ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 2,7%. Гэта азначае далейшае запаволеньне кітайскай эканомікі і рост страху кітайцаў траціць грошы.
У асноўным гэта зьвязана з крэдытным крызісам на будаўнічым рынку. Пасьля некалькіх гадоў буму кітайскія забудоўнікі пачалі банкрутаваць пад цяжарам даўгоў, выклікаючы фінансавыя праблемы таксама ў будаўнічых кампаній і іх партнэраў.