Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі вайсковец прызнаўся ў забойстве мірнага жыхара ва Ўкраіне


Расейскія вайскоўцы, якіх падазраюць у забойствах у Андрэеўцы
Расейскія вайскоўцы, якіх падазраюць у забойствах у Андрэеўцы

Жыхары ўкраінскага сяла Андрэеўка паведамілі, што вайскоўцы 64-й мотастралковай брыгады з Хабараўскага краю ўдзельнічалі ў рабаваньнях, марадэрстве і забойствах цывільных асоб.

Карэспандэнту «Важных историй» удалося пацьвердзіць асобы мінімум чатырох салдат брыгады — адзін зь іх, Данііл Фролкін, прызнаўся ў забойстве жыхара Андрэеўкі Руслана Ярамчука.

У Андрэеўцы расейскія вайскоўцы знаходзіліся з канца лютага да пачатку красавіка. Пасьля іх адступленьня, паводле слоў відавочцаў, у вёсцы засталіся сотні разбураных і разрабаваных дамоў, больш за дзясятак целаў забітых мірных жыхароў, а таксама 25 фатаграфій, зробленых на скрадзены тэлефон аднаго з жыхароў вёскі.

На тых фота журналісты апазналі чатырох вайскоўцаў 64-й брыгады з Хабараўску: Данііла Фролкіна, Дзьмітрыя Данілава, Руслана Глотава і Івана Шапяленку. Многія жыхары Андрэеўкі прыгадалі салдат з гэтых здымкаў і расказалі пра іх дачыненьне да рабункаў, марадэрства і забойстваў.

Фролкін паведаміў выданьню, што камандаваньне [камандзіры 64-й мотастралковай брыгады — Азатбек Амурбекаў, Сяргей Дзьмітрэнка, Вячаслаў Клабукоў, Дзяніс Раманенка, Андрэй Пракурат] загадала яму і яшчэ некалькім калегам правесьці ператрусы ў дамах траіх жыхароў Андрэеўкі.

«Мы завялі іх у тры дамы, яны паказалі дамы. У дамах былі ня іх фатаграфіі. Гэта значыць, гэта ня іх дамы былі па факце. Трэці наогул у разваліне ў нейкай жыў. Пры іх быў пачак грошай: грыўны, баксы, усякая х****я. Падпалкоўнік, які быў з намі, Аляксандар Пракурат, забраў гэтыя грошы сабе, а астатняе — дакумэнты, тэлефоны — аддаў нам і сказаў: „Іх у расход“. Усё, я пайшоў і [аднаго зь іх] пусьціў у расход», — пад відэазапіс паведаміў Фролкін.

Пазьней Фролкін апазнаў па фота ахвяру і пацьвердзіў, што стрэліў у патыліцу Руслану Ярамчуку. Удава пацьвердзіла характар раненьня. Па дэталях з апавяданьня Фролкіна можна зрабіць выснову, што ў той жа дзень, 12 сакавіка, разам зь Ярамчуком расейскія вайскоўцы забілі яшчэ мінімум дваіх жыхароў Андрэеўкі — Вадзіма Ганюка і Віталя Кібукевіча.

У чэрвені генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава абвінаваціла дзевяць вайскоўцаў з Тувы ў забойствах мірных жыхароў у вёсцы Ягаднае Чарнігаўскай вобласьці. Усе вайскоўцы са сьпісу — службоўцы расейскай вайсковай часткі № 55115. Паводле дадзеных генпракурора, яны маюць дачыненьне да катаваньняў і забойстваў цывільных асобаў.

Украіна завяла дзясяткі крымінальных спраў аб парушэньні законаў і звычаяў вайны. Першага асуджанага — іркуцкага вайскоўца Вадзіма Шышымарына — прыгаварылі да пажыцьцёвага зьняволеньня за забойства мірнага жыхара. У канцы чэрвеня апэляцыйны суд зьмякчыў яму пакараньне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG