Адпаведнае рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі датаванае 11 жніўня, заўважыла Reform.by.
Экстрэмісцкім фармаваньнем прызнана «група грамадзян, аб’яднаных у тым ліку праз інтэрнэт-сайт «Малады Фронт», Telegram-канал «Малады фронт Беларусь», Telegram-чат «Маладафронтавец», каналы відэахостынгу YouTube «Малады Фронт» і «MfrontNet», старонкі сацыяльных сетак у Twitter, Facebook, «Одноклассники» і «Укантакце».
У рашэньні МУС таксама згадваецца «лягатып у выглядзе фармалізаванай выявы шчыта ў бела-чырвонай расфарбоўцы, на які нанесены крыж чорнага колеру», пералічваюцца адрасы інтэрнэт-рэсурсаў.
Акрамя гэтага, паводле рашэньня МУС, «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» прызнаныя Telegram-чаты «ХАТА» і «Белсатаўшчына», а таксама YouTube-канал «Максим Шабуцкий».
«Малады Фронт» — найбуйнейшы моладзевы дэмакратычны рух Беларусі, заснаваны ў 1997 годзе Паўлам Севярынцам, які цяпер за кратамі. З 15 сьнежня 2018 году пасаду старшыні займае Дзяніс Урбановіч, ён цяпер ваюе на баку Ўкраіны ў складзе палку імя Кастуся Каліноўскага, быў паранены на вайне.
Сваімі мэтамі «Малады Фронт» называе «аб’яднаньне й выхаваньне моладзі на грунце беларускай нацыянальнай ідэі, хрысьціянска-дэмакратычных прынцыпаў, пабудову грамадзянскай супольнасьці на падставах дэмакратыі й вольнага рынку, агітацыйна-масавую дзейнасьць па адраджэньні беларускай школы, культуры, мовы, фармаваньні ў моладзі адказнасьці за лёс сваёй Бацькаўшчыны».
Агулам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году МУС Беларусі ўжо прызнала «экстрэмісцкімі» 80 фармаваньняў і арганізацыяў.
Учора ведамства заявіла, што з 9 жніўня 2020 па 1 ліпеня 2022 году ў Беларусі завялі ўжо больш за 11 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці».