«За выходныя Расея працягнула засяроджваць намаганьні на ўмацаваньні абароны на поўдні Ўкраіны. Нягледзячы на зьмену намаганьняў, Расея працягвае атакаваць украінскія пазыцыі ў Данецкай вобласьці. За апошнія 30 дзён наступ Расеі на горад Бахмут быў яе самым пасьпяховым напрамкам на Данбасе; аднак за гэты час Расеі ўдалося прасунуцца ўсяго на 10 кілямэтраў. На іншых участках Данбасу, дзе Расея спрабавала прарвацца, за гэты 30-дзённы пэрыяд яе сілы не здабылі больш за тры кілямэтры; гэта амаль напэўна значна менш, чым плянавалася», — гаворыцца ў паведамленьні, якое 9 жніўня распаўсюдзіла ў твітэры Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.
У выведцы заявілі, што, нягледзячы на сталае інтэнсіўнае выкарыстаньне артылерыі ў гэтых раёнах, Расея не змагла стварыць баяздольную пяхоту ў дастатковай колькасьці, каб забясьпечыць больш істотны прагрэс.
У ранішняй зводцы Генэральны штаб УСУ паведаміў, што расейскія войскі вядуць наступ на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках.
Брытанская выведка напярэдадні паведамляла, што Расея для абароны і стрымліваньня свабоды перамяшчэньня ўздоўж сваіх абарончых ліній на Данбасе выкарыстоўвае супрацьпяхотныя міны, якія патэнцыйна могуць нанесьці значныя страты як вайскоўцам, так і мясцоваму цывільнаму насельніцтву.