Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа паведаміў, што не атрымаў доступу да калёніі ў Аленаўцы ад расейскіх уладаў, якія кантралююць рэгіён, напісала арганізацыя ў твітэры. Раней яна заяўляла, што гатовая падтрымаць вяртаньне і перадачу астанкаў людзей і плянуе даносіць навіны да сем’яў, якія страцілі сувязь з блізкімі ў выніку расейска-ўкраінскага канфлікту.
«Адзначым, што наша ўчорашняя просьба аб доступе да вайсковапалонных з калёніі Аленаўка не была задаволеная. Прадастаўленьне МКЧК доступу да палонных зьяўляецца абавязкам бакоў канфлікту ў адпаведнасьці з Жэнэўскімі канвэнцыямі», — напісала арганізацыя.
Такім чынам, Расея парушыла Жэнэўскую канвэнцыю. МКЧК абяцае прасіць аб доступе да калёніі і далей. Супрацоўнікі Чырвонага Крыжа таксама хочуць праінспэктаваць, ці атрымліваюць параненыя палонныя належную дапамогу.
У калёніі ў Аленаўцы 29 ліпеня загінулі прынамсі 53 украінскія вайскоўцы, якія ўтрымліваліся ў палоне.
Расея і прарасейскія сэпаратысты ў Данецку заяўляюць, што ўдар па калёніі быў нанесены ўкраінскім войскам. Масква называе тое, што здарылася, ваенным злачынствам, учыненым Украінай. Кіеў гэта адмаўляе і заяўляе, што атаку ўчыніла Расея.