Супраць былога палітвязьня завялі новую крымінальную справу
Супраць былога палітвязьня, музыкі Аляксандра Казакевіча завялі новую справу па тым самым артыкуле, па якім яго асудзілі на мінулым тыдні, паведамляе «Вясна».
19 ліпеня Аляксандру прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» — судзьдзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»). Казакевіча вызвалілі ў залі суда, ён правёў у зьняволеньні тры месяцы.
Аднак ужо 26 ліпеня Аляксандра зноў затрымалі. Стала вядома, што супраць яго зноў завялі крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады») — высьветлілася, што хлопец нібыта абразіў яшчэ нейкага прадстаўніка ўлады ў мінулым годзе.
Менчука затрымалі за паказаны супрацоўніку МУС сярэдні палец
У Менску затрымалі айцішніка за тое, што паказаў сярэдні палец супрацоўніку міліцыі, паведамляе Reform.by.
На «пакаяльным» відэа сілавікоў у мужчыны сіняк і крывападцёк пад правым вокам. Ён кажа, што праяжджаў у машыне па вуліцы Гарадзкі вал паўз цэнтральны апарат МУС і «паказаў непрыстойны жэст супрацоўніку МУС».
Таксама мужчына на відэа кажа, што ў 2020 годзе быў падпісаны на «пратэставыя» тэлеграм-каналы, дзе пакідаў камэнтары, у 2021 годзе яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці «за тое, што перашкаджаў супрацоўніку жыльлёва-камунальнай службы зафарбоўваць бел-чырвона-белыя сымбалі».
Падрабязнасьці «хапуна» сябраў АГП
Сябры АГП Антаніна Кавалёва, Аксана Аляксеева і Мікалай Казлоў, якіх затрымалі 27 ліпеня, праходзяць па крымінальнай справе, паведамляе «Вясна».
Таксама стала вядома, што ўчора затрымалі сябра АГП Андруся Асмалоўскага. Яго блізкім у Сьледчым камітэце сказалі, што бліжэйшыя 10 дзён ён прабудзе на Акрэсьціна.
Не выходзіць на сувязь і грамадзянская жонка Асмалоўскага Дыяна Чарнушына. Яна сябра АГП і маці дзіцяці-інваліда.
Палітзьняволеную Зінаіду Міхнюк перавялі ў гомельскую жаночую калёнію
У Берасьцейскім абласным судзе 12 ліпеня разгледзелі апэляцыйную скаргу палітзьняволенай актывісткі прафсаюзу РЭП Зінаіды Міхнюк. Судзьдзя Вера Філонік пакінула прысуд бязь зьменаў. Цяпер стала вядома, што днямі Зінаіду этапавалі ў гомельскую калёнію № 4, паведамляе «Берасьцейская Вясна».
На Дзень Волі ў Берасьці сілавікі праз акно ўламіліся ў дом Зінаіды Міхнюк, правялі ператрус, а потым затрымалі яе. Жанчыну абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі па ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. 18 траўня суд прысудзіў палітзьняволенай два гады калёніі.