Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі беларуса падазраюць у шпіянажы, ён сабраў інфармацыю аб 17 важных аб’ектах


Сьцягі Латвіі і Эўразьвязу. Ілюстрацыйнае фота
Сьцягі Латвіі і Эўразьвязу. Ілюстрацыйнае фота

Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі (VDD) зьвярнулася ў пракуратуру з просьбай пачаць крымінальны перасьлед грамадзяніна Беларусі, які падазраецца ў шпіянажы на карысьць беларускай вайсковай выведкі, паведамляе DELFI.

Беларуса затрымалі сёлета 15 лютага.

«Падчас расьсьледаваньня было ўстаноўлена, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь па даручэньні беларускай вайсковай выведкі тайна фатаграфаваў і здымаў на відэа абʼекты сыстэмы абароны Латвіі, крытычнай інфраструктуры электразабесьпячэньня, а таксама важныя абʼекты цывільнай інфраструктуры», — гаворыцца ў паведамленьні DELFI.

Таксама адзначаецца, што «асоба атрымала выведвальную інфармацыю сама меней аб 17 абʼектах дзяржаўнай важнасьці».

Згодна з ацэнкамі VDD, інфармацыя такога характару можа мець важнасьць як для Беларусі, так і для яе хаўрусьніцы Расеі. Гэтыя зьвесткі могуць быць выкарыстаныя ў выпадку магчымага ваеннага канфлікту з NATO, у тым ліку з Латвіяй, для плянаваньня дывэрсій ці нападаў на вайсковыя абʼекты і крытычную інфраструктуру краіны.

«Падчас сьледзтва таксама было высьветлена, што для тайнага супрацоўніцтва грамадзянін Беларусі быў завэрбаваны і навучаны на тэрыторыі Беларусі», — піша DELFI.

Пра затрыманьне беларуса праз падазрэньне ў шпіянажы латвійскія спэцслужбы паведамілі яшчэ ў красавіку.

Тады Delfi пісала, што паводле зьвестак выведкі краіны, беларус атрымліваў інфармацыю аб вайсковых абʼектах Латвіі і абʼектах крытычнай інфраструктуры, у тым ліку нелегальна здымаючы іх на камэру. Усё гэта, на думку ведамства, ён рабіў у інтарэсах беларускіх спэцслужбаў.

Супраць яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 85 КК Латвіі (незаконны збор нераскрытай інфармацыі ў мэтах перадачы або перадачы замежнай дзяржаве або замежнай арганізацыі). Максымальная санкцыя паводле гэтага артыкулу — да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Затрыманы знаходзіцца пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG