Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК расказаў пра справу «Чорнай кнігі Беларусі». Сярод 20 затрыманых — работнікі дзяржорганаў і экс-сілавікі


Мэсэнджар Telegram. Ілюстрацыйная выява
Мэсэнджар Telegram. Ілюстрацыйная выява

Сьледчыя сьцьвярджаюць, што дасьледавалі ўсе носьбіты інфармацыі асуджанай на шэсьць гадоў калёніі фігуранткі справы «Чорнай кнігі Беларусі» Соф’і Сапегі.

Як адзначае Сьледчы камітэт Беларусі, атрыманыя зьвесткі «дапамаглі ўстанавіць лінію ўзаемадзеяньня адміністратараў са сваімі крыніцамі». Тых удзельнікаў ЧКБ, якія знаходзіліся ў Беларусі, затрымалі, ім выставілі абвінавачаньні.

«Сярод іх выяўлены работнікі дзяржорганаў, былыя праваахоўнікі і асобы, якія мелі доступ да асабістых зьвестак беларусаў», —піша прэс-служба Сьледчага камітэта.

Сярод затрыманых —31-гадовы мэнэджар сеткі мабільнага апэратара «Бест», які падазраецца ў перадачы адміністратарам ЧКБ асабістых зьвестак. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай, яму выставілі абвінавачаньне за дапамогу ва ўзбуджэньні сацыяльнай варожасьці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці, учыненых службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў і групай асоб, якія пацягнулі цяжкія наступствы (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 ст. 130). Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў калёніі.

Сьпіс устаноўленых і затрыманых толькі ў рамках расьсьледаваньня адной крымінальнай справы налічвае больш за 20 чалавек. Некаторых зь фігурантаў справы ўжо асудзілі да пазбаўленьне волі тэрмінамі ад 5 да 11 гадоў.

Фігурантку справы «Чорнай кнігі Беларусі» Софʼю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 году разам з Раманам Пратасевічам — дзеля гэтага прымусова пасадзілі ў Менску самалёт авіякампаніі Ryanair.

6 траўня Горадзенскі абласны суд пакараў дзяўчыну 6 гадамі калёніі. Яе абвінавацілі паводле 7 крымінальных артыкулаў, а таксама прысудзілі кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 167 500 рублёў (каля 70 тысяч даляраў).

Летась у сьнежні Сапега падала Лукашэнку прашэньне аб памілаваньні. Пра гэта паведамлялі СМІ яе сваякі.

У канцы чэрвеня 2022 году Соф’я Сапега зноў зьвярнулася да Лукашэнкі з гэтай просьбай. Менавіта нявыплачаная частка названай у прысудзе сумы застаецца на гэты момант фармальнай перашкодай для памілаваньня Соф’і.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG