Дата дня
19 ліпеня 1915 году нарадзіўся Антон Шукелойць, беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмяне першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школаў на тэрыторыі былога Ашмянскага павету.
Падчас нацысцкай акупацыі Шукелойць працаваў у аддзеле асьветы і культуры Менскай гарадзкой управы, затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэю. З 1944 году жыў у эміграцыі. Быў актыўным удзельнікам жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША. Памёр 7 студзеня 2017 году.
Таксама ў гэты дзень
1930 — па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» арыштаваны Максім Гарэцкі.
1972 — Івану Мележу і Івану Шамякіну надалі годнасьць народных пісьменьнікаў Беларусі.
1988 — у Віцебску пабудавалі летні амфітэатар. Тут штогод праводзіцца «Славянскі базар».
1994 — прэзыдэнтам Украіны стаў Леанід Кучма.
У гэты дзень нарадзіліся
1869 — Лявон Вітан-Дубейкаўскі, беларускі архітэктар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.
1893 — Уладзімір Маякоўскі, расейскі савецкі паэт.
У памяці
1855 — Тамаш Зан, беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху.