Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковая выведка Ўкраіны ня бачыць прыкмет фармаваньня на тэрыторыі Беларусі наступальных груповак, але не выключае гэтага ў будучыні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На тэрыторыі Беларусі цяпер не назіраецца прыкмет фармаваньня наступальных груповак, заявіў 16 ліпеня падчас тэлемаратона прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі.

Паводле яго слоў, ГУВ «стала ажыцьцяўляе аналіз усіх падзей і перамяшчэньняў, якія адбываюцца ў Беларусі», каб «своечасова выявіць патэнцыйна зыходзячую зь беларускай тэрыторыі пагрозу» і даць рэкамэндацыі прэзыдэнту і вайсковаму кіраўніцтву.

«Што да перамяшчэньня войскаў, на сёньняшні дзень, паводле нашых зьвестак, там адбываецца працэс ратацыі тых падразьдзяленьняў, якія знаходзяцца каля нашай мяжы, — сказаў Скібіцкі. — Адзінае, ёсьць асаблівасьць — падчас ратацыі будзе павялічана колькасьць войскаў, якія знаходзяцца каля нашай мяжы, гэта першае. А па-другое, мы бачым, што пэўныя падразьдзяленьні — ракетныя падразьдзяленьні, падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, авіяцыйныя падразьдзяленьні Расейскай Фэдэрацыі застаюцца на тэрыторыі Беларусі. Яны могуць выкарыстоўвацца для нанясеньня ракетных удараў, гэта, адпаведна, захоўвае пагрозу, якая зыходзіць з тэрыторыі Беларусі».

«Калі казаць пра магутныя ўдарныя групоўкі, перш за ўсё расейскія, якія былі створаны ў лютым перад уварваньнем, на сёньняшні дзень прыкмет [іх фармаваньня] няма. Але мы не выключаем, што ў далейшым — у залежнасьці ад посьпехаў ворага на нашай тэрыторыі — магчымыя перагрупоўкі і ўзмацненьне расейскай прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі. Пагроза ёсьць. На сёньняшні дзень яе ўзровень не такі высокі, як гэта было ў лютым, але з часам ён можа вырасьці», — канстатаваў прадстаўнік ГУВ Мінабароны Ўкраіны.

  • 24 лютага Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG