Прэсавы цэнтар СПБ паведаміў, што 15 ліпеня яго асудзілі на 15 сутак за аватарку ў Фэйсбуку.
На адным з фота на аватарцы Мікалая Шараха далучаны ўкраінскі сьцяжок, які ён дадаў 24 лютага на знак салідарнасьці з Украінай, што змагаецца з расейскай агрэсіяй.
14 ліпеня ў Вярхоўным судзе за зачыненымі дзьвярыма разглядалася справа аб ліквідацыі Свабоднага Прафсаюзу Беларускага. Старшыню апыталі ў якасьці сьведкі і выставілі за дзьверы, рашэньне суду так і не вядомае, — піша тэлеграм-канал СПБ.
Раней Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз мэталістаў.
Разглядаюцца справы аб ліквідацыі яшчэ трох, у тым ліку і Свабоднага Прафсаюзу Беларускага.
13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, затрыманых у красавіку 2022 году.
Палітвязьнямі прызнаныя: Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.