Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьветлае, шчырае і радаснае дзіця». Алена Зяленская расказала пра дзяўчынку Лізу, якая загінула ў Віньніцы


Ліза загінула ад удару расейскай ракеты па цэнтры Віньніцы. 14 ліпеня 2022
Ліза загінула ад удару расейскай ракеты па цэнтры Віньніцы. 14 ліпеня 2022

Першая лэдзі Ўкраіны Алена Зяленская падзялілася сваімі ўспамінамі пра дзяўчынку Лізу, якая 14 ліпеня загінула пры абстрэле цэнтру Віньніцы.

«Мы пазнаёміліся з гэтай цудоўнай дзяўчынкай ў часе запісу відэа да калядных сьвятаў. Сьветлае, шчырае, радаснае дзіця, якое гадавалася ў любові. Маленькая гарэзьніца тады пасьпела размаляваць за паўгадзіны фарбамі ня толькі сябе, сваю сьвяточную сукенку, а і ўсіх іншых дзяцей, мяне, апэратараў і рэжысэра... Паглядзіце на яе жывую, калі ласка. Плачу разам зь яе блізкімі», — напісала Алена Зяленская на сваёй старонцы ў Facebook і разьмясьціла відэазапіс каляднага роліка.

Рэшткі ракеты, якая прыляцела ў цэнтар Віньніцы. 14 ліпеня 2022
Рэшткі ракеты, якая прыляцела ў цэнтар Віньніцы. 14 ліпеня 2022

Як паведаміў кіраўнік Віньніцкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Барзоў, ад абстрэлу гораду 14 ліпеня загінулі трое дзяцей, дваіх зь іх дагэтуль не ідэнтыфікавалі.

Маці Лізы Ірыну праапэравалі, яна ў цяжкім стане. Дэпутатка Віньніцкай гарадзкой рады Алена Верлан-Кульшэнка ўдакладніла, што Ірына знаходзіцца ў рэанімацыі.

«Нехта запусьціў, што Ірыне адарвала нагу... Я была з Арцёмам (бацька Лізы, колішні муж Ірыны. — РС) у лякарні. Ірына знаходзіцца ў рэанімацыі, у цяжкім стане. Усе канцавіны ў Ірыны ёсьць. Таму зьвяртаюся да ўсіх, хто сьпяшаецца зь інфармацыяй. Уявіце адчуваньні таго ж Арцёма, калі ён атрымаў „падрабязнасьці“ з сацсетак пра Лізу і Ірыну». А дабіраўся ён з Кіева за стырном!" — напісала дэпутатка на сваёй старонцы ў Facebook.

Ірына — дызанэйрка. Пасьля разводу з мужам яна вярнулася да бацькоў у Віньніцу. У дзень ракетнай атакі расейцаў на цэнтар гораду яны зь Лізай накіроўваліся да псыхоляга. Ірына называла сваю дачку анёлам і вяла старонку ў Instagram пра асаблівасьці выхаваньня дзетак з сындромам Даўна, зь якім нарадзілася Ліза.

Пасьля расейскага абстрэлу цэнтра Віньніцы. 14 ліпеня 2022
Пасьля расейскага абстрэлу цэнтра Віньніцы. 14 ліпеня 2022

Пры абстрэле цэнтру Віньніцы загінулі 23 чалавекі, 73 асобы шпіталізаваныя, яшчэ 18 лічацца зьніклымі бязь зьвестак.

Што сказалі ў Расеі

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што 13 ліпеня «высокадакладнымі ракетамі марскога базаваньня «Калібар» быў нанесены ўдар па Дому афіцэраў у Віньніцы.

Паводле іх, у будынку нібыта праходзіла «нарада камандаваньня ўкраінскіх паветраных сіл з прадстаўнікамі замежных пастаўшчыкоў узбраеньня па перадачы Ўзброеным сілам Украіны чарговай партыі самалётаў і боепрыпасаў».

«У выніку ўдару ўдзельнікі нарады зьнішчаныя», – паведаміла Міністэрства абароны Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG