Каб скараціць залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў, Эўразьвяз мае намер нарасьціць куплю азэрбайджанскага газу. З гэтай мэтай Эўракамісія прапанавала краінам ЭЗ заключыць з Баку ўгоду, якая прадугледжвае пашырэньне Азэрбайджанам здабычы газу і павелічэньне сеткі трубаправодаў, перадае Reuters у чацьвер, 14 ліпеня.
«Бакі імкнуцца падтрымліваць гандаль прыродным газам, у тым ліку за кошт экспарту ў Эўрапейскі Зьвяз, па Паўднёвым газавым калідоры ў аб'ёме ня менш як 20 млрд кубамэтраў газу штогод да 2027 году», — цытуе агенцтва праект мэмарандуму аб узаемаразуменьні, які яшчэ павінен быць ухвалены ўрадамі краін-чальцоў ЭЗ.
У дакумэнце адзначаецца важнасьць «доўгатэрміновых, прадказальных і стабільных кантрактаў» і ўказваецца, што яны павінны адпавядаць мэтам ЭЗ у галіне зьмяненьня клімату. На думку Брусэля, гэта запатрабуе рэзкага скарачэньня спажываньня газу, асабліва пасьля 2030 году.
Эўразьвяз і Азэрбайджан таксама вывучаць магчымасьць сувязі энэргетычных сыстэм, каб разьвіваць аднаўляльныя крыніцы, і абмяркуюць будучы гандаль вадародам, паведамляе Reuters.
Летась эўрапейскія краіны атрымалі па трансадрыятычным газаправодзе (адрэзку трубаправоднай сеткі Паўднёвага газавага калідора) больш за 8 млрд кубамэтраў азэрбайджанскага газу.