«Гэты мультфільм адрасаваны тым, хто празь нейкую жахлівую памылку падтрымлівае расейска-ўкраінскую вайну», — гаворыцца ў апісаньні да мультфільма.
Паглядзець мультфільм можна на YouTube.
У 162-й сэрыі «Масяні» Кітай нападае на Расейскую Фэдэрацыю, каб «ачысьціць Расею ад фашыстаў». Бомбы падаюць на Санкт-Марыюбург. Паводле стваральнікаў, яны хацелі абудзіць у людзях здольнасьць паставіць сябе на месца іншых.
- «Масяня» — расейскі камэдыйна-сатырычны сэрыял флэш-мультфільмаў, які з 2001 году стварае мастак Алег Куваеў, зь вясёлымі пэрсанажамі студэнцкага ўзросту, больш вядомымі пад мянушкамі – Масяня, Хрундзель і Лахматы. Пазьней героі падрасьлі. Усіх галоўных герояў агучваў Алег Куваеў.
- 22 сакавіка 2022 году Куваеў выпусьціў 160-ы эпізод «Масяні», прысьвечаны ўварваньню Расеі ва Ўкраіну. У канцы сэрыі Масяня прыходзіць у Крэмль да Ўладзіміра Пуціна, дорыць яму кароткі самурайскі меч, пасьля чаго разьвітваецца зь ім назаўжды. Пасьля выхаду сэрыі пра вайну ва Ўкраіне «Роскомнадзор» заблякаваў у Расеі сайт мультфільму «Масяня» mult.ru.