Шостага ліпеня ў Сяньне затрымалі Ўладзімера Булаўскага, вядомага арт-мэнэджара, арганізатара канцэртаў і музыку. Гэта адбылося ўвечары, перад канцэртам «Купальскае кола», дзе Булаўскі зьбіраўся іграць з этнагуртом «Гук».
«Забралі двое супрацоўнікаў у цывільным, без тлумачэньня прычыны. Нібыта завезьлі яго ў Віцебск», — расказалі тэлеграм-каналу by_culture сябры Ўладзімера.
У верасьні 2020 году яго асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). У лістападзе 2021 году — пакаралі 7-дзённым арыштам за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. І ў лютым, у асноўны дзень правядзеньня рэфэрэндуму, яго асудзілі на 15 дзён арышту.