Суд Барысаўскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацыі старонкі ў Facebook старшыні Барысаўскай гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алеся Абрамовіча, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
28 чэрвеня Абрамовіча затрымалі ў рамках адміністрацыйнага працэсу. Да суду ён трое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня Барысаўскага РАУС.
4 ліпеня суд Барысаўскага раёну аштрафаваў Абрамовіча на 10 і 30 базавых велічыняў (агулам 1280 рублёў) на падставе двух пратаколаў у адпаведнасьці з арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) — за рэпост матэрыялаў тэлеканалу «Белсат», а таксама публікацый са свастыкай.
На мінулых выбарах Абрамовіч плянаваў балятавацца ў прэзыдэнты, але ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за яго вылучэньне не зарэгістравалі. Акрамя таго, Абрамовіча некалькі разоў затрымлівалі да падзей жніўня 2020 году.