«Сёньня ў Беларусі адзначаюць Дзень Незалежнасьці. У гэты дзень у 1944 годзе Менск быў вызвалены ад фашысцкай акупацыі, – напісала палітык у »Твітары«. – Сёньня, праз 78 гадоў, мы зноў змагаемся за свой сувэрэнітэт. Менск зноў акупаваны, на гэты раз [Аляксандрам] Лукашэнкам і [прэзыдэнтам РФ Уладзімірам] Пуціным. Але нашая воля да свабоды непахісная».
Беларускія дэмакратычныя сілы лічаць, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй, у прыватнасьці з таго моманту, калі ў краіну ўвялі расейскія войскі, якія пасьля былі задзейнічаныя для поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Незалежныя экспэрты ацэньваюць сытуацыю больш стрымана.
Народнае антыкрызіснае кіраваньне актыўна дамагаецца ад міжнароднай супольнасьці прызнаньня Беларусі акупаванай дзяржавай. Яго кіраўнік – былы чыноўнік і дыплямат Павал Латушка на форуме Каліноўскага 21 чэрвеня ў Эўрапарлямэнце папрасіў Эўрапейскі зьвяз падтрымаць плян НАК па «вызваленьні Беларусі ад акупацыі Расеі і рэжыму Лукашэнкі».
Паводле яго слоў, плян складаецца з трох крокаў: стварэньні дэмакратычнымі сіламі пераходнага ўрада, разгортваньні «нацыянальнага вызваленчага руху для барацьбы з расейскай акупацыяй і марыянэткавым рэжымам Лукашэнкі» і прыняцьці «эўрапейскага выбару ў якасьці свабоднай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы».