«Украінская праўда» прыводзіць словы сьпікера Нацыянальнай гвардыі Руслана Музычука ў эфіры нацыянальнага тэлемарафону:
«Каля Лісічанску ідуць лютыя баі, аднак горад не акружаны і знаходзіцца пад кантролем украінскіх войскаў».
У вячэрняй зводцы Генштабу УСУ паведамляецца, што расейскія войскі замацоўваюцца ў Верхнякаменцы, разьмешчанай паблізу Лісічанску. Раніцай 2 ліпеня ў Генштабе паведамлялі, што на Лісічанскім напрамку каля Верхнякаменкі расейскія войскі вялі наступ, але посьпеху ня мелі і адышлі.
Расейскае інфармагенцтва ТАСС у суботу, са спасылкай на прадстаўніка самаабвешчанай «ЛНР» Віталя Кісілёва, паведаміла, што падразьдзяленьні так званай «народнай міліцыі ЛНР» увайшлі ў Лісічанск і знаходзяцца ў раёне стадыёну «Шахтар». Адзначаецца, што гэта практычна цэнтар гораду.
Карэспандэнт іншага расейскага дзяржаўнага агенцтва «РИА Новости» перадаў зь месца падзей, што «Лісічанск узяты і знаходзіцца пад кантролем саюзных сіл».
Таксама расейскія СМІ распаўсюдзілі камэнтар памочніка кіраўніка Чачні, камандзіра спэцпадразьдзяленьня «Ахмат» Апці Алаўдзінава аб тым, што Лісічанск перайшоў пад поўны кантроль прарасейскіх сіл.
Сам Кадыраў раней 2 ліпеня, а таксама прадстаўнік «народнай міліцыі ЛНР» Андрэй Марочка заявілі аб поўным атачэньні Лісічанску і блякаваньні ўкраінскіх падразьдзяленьняў, якія знаходзяцца ў гэтым горадзе. Увечары Кадыраў напісаў у Telegram, што расейскія сілы ўсталявалі кантроль над Лісічанскам.
«Камандзір спэцыяльнага палка паліцыі... Замід Чалаеў, сумесна з шостым казацкім палком ўвайшлі ў Лісічанск з боку Папасненскага напрамку і ўзялі пад кантроль горад», — напісаў кіраўнік Чачні.
У Генштабе УСУ гэтыя заявы расейскага боку пакуль не камэнтавалі, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
У апошнія дні Лісічанск падвяргаўся інтэнсіўным ракетным абстрэлам, баявыя дзеяньні вядуцца тыдзень пасьля таго, як пад кантроль расейскіх вайскоўцаў перайшоў горад Севераданецк, разьмешчаны каля Лісічанску на іншым беразе ракі Северскі Данец. Перад захопам Севераданецк быў практычна цалкам разбураны.
Лісічанск называлі ключавым для Масквы месцам бітвы ў Данбасе — у яе спробе заваяваць украінскі прамысловы цэнтар Данбас.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.