«Газпром» правёў гадавы сход акцыянэраў, на якім зацьвердзіў новы склад рады дырэктараў. Таксама акцыянэры абмяркоўвалі выплату дывідэндаў за 2021 год і вырашылі іх не выплачваць, піша «Коммерсантъ».
Раней рада дырэктараў рэкамэндавала выплаціць рэкордныя дывідэнды — 52,53 рубля за адну акцыю ($0,98). Каштоўныя паперы кампаніі рэзка ўпалі пры таргах на Маскоўскай біржы — адразу на 22%.
«Прыярытэтамі „Газпрома“ ў цяперашні час зьяўляюцца рэалізацыя інвэстыцыйнай праграмы, у тым ліку газыфікацыя рэгіёнаў Расеі і падрыхтоўка да будучай зімы. Безумоўна, мы павінны быць гатовыя выканаць абавязаньні ў выплаце падаткаў у павышаным памеры», — заявіў намесьнік старшыні праўленьня «Газпрома» Фаміл Садыгаў.
Статутны капітал «Газпрома» складаецца з 23,674 млрд звычайных акцый. Дзяржава кантралюе больш за 50% акцый наўпрост (38,37%) і празь дзяржкампаніі АТ «Роснефтегаз» (10,97%) і «Росгазификация» (0,89%). Адпаведна, палова дывідэндаў павінна была паступіць у бюджэт.
Выданьне адзначае, што спотавыя цэны на газ у Эўропе на нідэрляндзкім хабе TTF у 2021 годзе вырасьлі больш як у чатыры разы: з $240 да больш як $1000 за 1 тыс. кубамэтраў да канца году. На фоне рэзкага скарачэньня паставак «Газпромам» газу ў Эўропу ў чэрвені (па «Паўночным патоку» пастаўляецца прыкладна траціна ад мінулых аб’ёмаў) цана на газ вярнулася да значэньняў $ 1600 за 1 тыс. куб. м.