Гэта прадугледжана пастановай нумар 412 ад 27 чэрвеня, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пры гэтым сьпіс забароненых да ўвозу тавараў з Эўразьвязу, ЗША, Канады, Нарвэгіі, Альбаніі, Ісьляндыі, Паўночнай Македоніі, Вялікай Брытаніі, Чарнагорыі, Швайцарыі, Ліхтэнштэйна і Сэрбіі зноў звузіўся.
Цяпер эмбарга не датычыць груш, абрыкосаў, вішань, чарэшань, пэрсікаў, нэктарынаў, сьліў і хурмы.
У Беларусі з 1 студзеня ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Пад абмежаваньні трапілі ў тым ліку мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
Пад забаронай апынулася прадукцыя сярод іншага з краін ЭЗ, ЗША, Канады, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі.
Пазьней урад Беларусі скараціў сьпіс тавараў, якія з 1 студзеня перасталі ўвозіць зь «недружалюбных» заходніх краін. З 27 красавіка зь яго выключылі ў тым ліку яблыкі, грушы і салаты.
Абмежаваньні не распаўсюджваюцца на тавары, якія вывозяць у краіны ЭАЭС, а таксама іншыя дзяржавы для аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама новаўвядзеньне ня тычыцца тавараў, якія ідуць празь Беларусь транзытам.