Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Дзьмітрыя Папова накіравалі ў бабруйскую калёнію; Алега Рубца перавялі ў жодзінскую турму


Дзьмітры Папоў
Дзьмітры Папоў

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1214 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Дзьмітрыя Папова накіравалі ў бабруйскую калёнію № 2, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Напісаць палітвязьню цяпер можна на адрас: ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Дзьмітры Юр'евіч Папоў (на лістах пазначыць «карантын»).

Дзьмітры Папоў — мадэратар сацыяльных сетак «Страны для жизни». Грамадзянін Расеі, мае 29 гадоў. Раней ён жыў у Санкт-Пецярбургу, працаваў бармэнам. У Расеі кіраваў праектамі «Мужское государство» і «Сканар». Прыехаў у Беларусь у 2019 годзе. Жыў у Гомлі.

Прапаў увечары 4 чэрвеня 2020 году. Незадоўга да зьнікненьня Папоў запісаў і апублікаваў відэа, у якім расказаў пра цікавасьць да сябе з боку сілавікоў. Пазьней высьветлілася, што Папова затрымалі ў лесе пад Мазыром –— ён хаваўся ў фэрмэра Аляксандра Вянгуры.

Абвінавацілі Дзьмітрыя Папова, як і Ціханоўскага з Сакавым, адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу (арт. 130, 191, 293 і 342) за «арганізацыю масавых беспарадкаў, арганізацыю дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, перашкоду ажыцьцяўленьню выбарчых правоў і распальваньне варожасьці».

Судзьдзя Мікалай Доля ў закрытым паседжаньні ў гомельскай турме 14 сьнежня 2021 году прысудзіў грамадзяніну Расеі Дзьмітрыю Папову 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Фігуранта «пінскай справы» Алега Рубца перавялі ў жодзінскую турму

Па рашэньні наваполацкай судзьдзі Вольгі Баліка палітзьняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на 3 гады ў сьледчую турму № 8 ў Жодзіна.

Раней, у лютым адміністрацыя наваполацкай калёніі зьмясьціла палітвязьня ў ШЫЗА на 40 сутак. Пасьля гэтага яго зьмясьцілі ў ПКТ. Алега таксама пазбавілі перадач, званкоў і спатканьняў.

Фаната ФК «Хваля» Алега Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у «масавых беспарадках» у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Летась 30 красавіка судзьдзя Яўген Брэган прысудзіў хлопцу 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG