Мэры некалькіх эўрапейскіх сталіц сталі ахвярамі падману, атрымаўшы відэатэлефанаваньні нібыта ад мэра Кіева Віталя Клічко — брытанскае выданьне Guardian паведамляе, што выкарыстоўвалася тэхналёгія deepfake.
«Не было знакаў, што відэаканфэрэнцыя праводзіцца не з сапраўдным чалавекам,» — гаворыцца ў паведамленьні офісу мэра Бэрліну Францыскі Гіфэй.
Guardian піша, што размова працягвалася каля 15 хвілін і фальшывы «Клічко» пачаў казаць, што ўкраінскія ўцекачы падманваюць нямецкую дзяржаву ў пытаньні ільготаў і што іх трэба вярнуць ва Украіну. У Гіфэй зьявіліся падазрэньні, а калі размова перарвалася, яна зьвязалася з амбасадарам Украіны ў Нямеччыне. Той, у сваю чаргу, зьвязаўся з уладамі Кіева і высьветліў, што на сувязі быў не сапраўдны Клічко.
Паведамляецца пра падобныя ж размовы «Клічко» з мэрамі Мадрыду і Вены.
Deepfake (глыбокая падробка) мяняе выгляд чалавека ў рэжыме рэальнага часу.