Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі роўна два гады, яго арыштавалі ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. З гэтай нагоды ягоная жонка Дар’я Лосік выступіла са зваротам да Аляксандра Лукашэнкі.
«Грамадзянін Лукашэнка, прапаную Вам замяніць майго мужа на сябе», — заявіла Дар’я Лосік.
У звароце да Лукашэнкі яна адзначыла, што ня будзе нават расказваць, як гэта — быць жонкай палітвязьня і як самі палітвязьні «даюць рады ўсяму гэтаму жаху», бо «сэнсу ў гэтым ноль, асабліва калі маеш справу з самым галоўным босам».
«Я гатовая добраахвотна сесьці ў беларускую турму і ўзяць на сябе ўсе крымінальныя артыкулы Ігара ўзамен на ягоную свабоду. Калі вам вельмі хочацца, вы можаце мне накінуць яшчэ парачку крымінальных спраў для атрыманьня большай асалоды. Я іду на такі крок толькі пры ўмове, што Ігар з дачкой пакіне краіну. Вы нічога не губляеце, бо ў вашай краме чалавечых лёсаў іх колькасьць застанецца той жа», — заявіла Дар’я.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.