Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая намесьніца міністра аховы здароўя прызнала праблемы з пастаўкамі замежных лекаў у Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раней міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч казаў, што ніякіх праблем няма, а ён сам пільна кантралюе сытуацыю.

У Беларусі ёсьць цяжкасьці з пастаўкамі замежных лекавых прэпаратаў. Аб гэтым заявіла першая намесьніца міністра аховы здароўя Алена Краткова 19 чэрвеня ў праграме «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале ОНТ.

«Імпартныя лекавыя прэпараты паступаюць. Прывяду прыклад: за красавік паступіла каля 1,1 тысячы найменьняў імпартных лекавых прэпаратаў, за травень – пачатак чэрвеня — 1,2 тысячы імпартных прэпаратаў. Але ўсё ж такі мы маем насьцярожанасьць, бо складанасьці ўзьніклі ў лягістыцы, тэрмінах дастаўкі, узьніклі складанасьці з аплатай. Сёньня ў міністэрстве знаходзіцца пералік са 110 лекавых прэпаратаў, якія на асаблівым кантролі».

Чыноўніца ўскосна пацьвердзіла складанасьці з пастаўкамі некаторых лекавых прэпаратаў для людзей з анкалягічнымі захворваньнямі.

«Літаральна нядаўна прайшлі чуткі пра анкалягічныя прэпараты. Хачу запэўніць, што ўсе меры прымаюцца, у нааступны літаральна тыдзень анкалягічныя прэпараты некалькіх найменьняў будуць у нашай краіне», — сказала Краткова.

Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч 16 чэрвеня пасьля нарады ў Лукашэнкі заяўляў, што перабояў з пастаўкамі замежных мэдыкамэнтаў няма.

Разам з тым раней ён заклікаў Сусьветную арганізацыю аховы здароўя садзейнічаць пастаўкам у Беларусь лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня, а таксама працягваць аказваць міжнародную тэхнічную дапамогу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG