Даты дня
1503 - Ваўкавыск указам вялікага князя Аляксандра атрымаў магдэбурскае права.
1652 — кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў Жыровічам Магдэбурскае права.
Таксама ў гэты дзень
1633 — Галілео Галілей быў зьняволены ў палацы інквізыцыі.
1912 — у газэце «Наша Ніва» ўпершыню надрукавана паэма Янкі Купалы «Курган».
1930 — мэдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту рэарганізавалі ў Менскі мэдычны інстытут (з красавіка 2001 году — Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт).
1930 — у Гомлі заснавалі Беларускі лесатэхнічны інстытут (з 1945 году — у Менску, з 1961 году — Беларускі тэхналягічны інстытут, з 1993 году — Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт).
1961 — у Бярозе заснавалі гісторыка-краязнаўчы музэй. Адкрыты для наведнікаў 3 лістапада 1965 году.
У гэты дзень нарадзіліся
1741 — Жан Эмануэль Жылібэр, францускі і беларускі прыродазнавец, хірург, анатам, доктар мэдыцыны. У 1775–1781 гг. заснаваў першую ў Беларусі Гродзенскую мэдычную акадэмію, а таксама акушэрскую і вэтэрынарную школы, клінічны шпіталь, батанічны сад у Горадні.
1864 — Аляксандар Сержпутоўскі, беларускі этнограф і фальклярыст, сапраўдны сябра Інбелкульту (1925), аўтар нарысу «Беларусы-палешукі», у якім апісаны звычаі і вераваньні сялян Мазыршчыны і Случчыны. Дасьледаваў прылады працы земляробаў, звычаі беларусаў, вывучаў дыялекты беларускай мовы.
1879 — Юльян Дрэйзін, беларускі музыказнаўца, публіцыст, пэдагог. Займаўся пэдагагічнай і музычна-асьветніцкай дзейнасьцю ў Магілёве, у 1925–1935 гг. выкладаў гісторыю музыкі, лацінскую і грэцкую мовы. Аўтар лібрэта камічнай опэры Мікалая Аладава «Тарас на Парнасе», укладальнік слоўніка «Музычныя тэрміны».
1905 — Жан-Поль Сартр, францускі філёзаф-экзыстэнцыяліст, літаратар, адзін з самых вядомых і ўплывовых мысьляроў ХХ стагодзьдзя.
1908 — Сьцяпан Майхровіч, беларускі літаратуразнаўца і крытык. Асноўныя працы прысьвечаныя беларускай літаратуры XIX ст.
1910 — Аляксандар Твардоўскі, расейскі савецкі паэт беларускага паходжаньня.
1935 — Нэлі Багуслаўская, беларуская артыстка эстрады, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь.
1935 — Франсуаза Саган, француская пісьменьніца.
1941 — Арнольд Макмілін, ангельскі дасьледнік беларускае мовы і літаратуры, чые кнігі не маглі перавыдавацца ў Беларусі за савецкім часам, бо пісаў іх Макмілін, не скаваны цэнзурнымі рамкамі.
1955 — Валянцін Голубеў, беларускі гісторык і палітык, доктар гістарычных навук, прафэсар. Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, каардынатар Апазыцыі БНФ, адзін з аўтараў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.
У памяці
1860 — Мікола Маркевіч, украінскі гісторык і этнограф.
1937 — Мікалай Галадзед, старшыня Саўнаркаму БССР. Выкінуўся з вакна 5-га паверху будынку НКВД у часе допыту.
1986 — Генадзь Цітовіч, беларускі кампазытар, дырыжор, фальклярыст, заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага хору Беларусі.